2011-03-28 15:08:33

Мітрапаліт Іларыён стаў прафесарам Фрыбургскага ўніверсітэта


RealAudioMP3 У Фрыбургскім універсітэце ў Швейцарыі адбылася ўрачыстасць прысваення звання тытулярнага прафесара гэтага ўніверсітэта старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата, Мітрапаліту Валакаламскаму Іларыёну.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў Фрыбург прыбылі Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт і старшыня Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

Міністр адукацыі кантона Фрыбург Ізабэль Шассо падкрэсліла, што сёння ўся хрысціянская цывілізацыя знаходзіцца пад пагрозай. Яна падтрымала заклік да стварэння альянсу ў імя захавання традыцыйных маральных каштоўнасцяў, які гучаў раней у выступленнях мітрапаліта Іларыёна.

Звяртаючыся з прывітальным словам, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт адзначыў, што абранне праваслаўнага іерарха прафесарам Фрыбургскага ўніверсітэта – важная падзея ў жыцці хрысціянскага багаслоўя. Па словах Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, хрысціяне Еўропы закліканы дэманстраваць свайму кантыненту вечную каштоўнасць запаведзяў Хрыста. Аб няўстойлівасці сучаснай цывілізацыі, аб марнасці жыцця без Бога нагадваюць людзям у тым ліку і страшныя прыродныя катастрофы і бедствы, якія адбываюцца ў свеце, падкрэсліў ён.

Вітаючы ўдзельнікаў цырымоніі, старшыня Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох указаў на сувязь падзеі са святам Звеставання, які адзначаўся ў гэты дзень Каталіцкім Касцёлам, бо пакліканне тэалогіі – быць навукай хрысціянскай радасці, радасці пра Бога і чалавечае пакліканне, падкрэсліў кардынал.

Пасля заканчэння цырымоніі мітрапаліт Іларыён наведаў факультэт музыказнаўства, дзе прачытаў даклад на тэму “Псальмы ў праваслаўнай традыцыі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.