2011-03-27 12:54:27

“З сэрцам у кантакце”. IV запаведзь: шануй бацьку свайго і маці сваю


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць Дэкалог і сёньня я раскажу вам аб чацьвёртай запаведзі «Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб добра было табе і каб ты жыў доўга на зямлі». Хачу нагадаць, што гэтай запаведзьдзю мы адкрываем другую “скрыжаль”. “Скрыжаль”, якая зьмяшчае запаведзі, якія рэгулююць адносіны паміж людзьмі. Аднак чацьвёртая запаведзь, як мы і самі зараз пабачым, мае дачыненьне таксама да Бога. Яна падобна да маста, што аб’ядноўвае дзьве “скрыжалі” у адно.

Вобраз Бога і пашана бацькоў

Што гэта значыць: шанаваць бацьку і маці? Вось жа пашана бацькоў шчыльна зьвязана з пашанай Бога. Нездарма мы самаго Бога называем Айцом... Бог захацеў скарыстацца паняцьцем “айца”, каб разпавесьці нам пра сябе. Менавіта праз свой вобраз бацькоў, таты і мамы, але перад усім таты, мы пазнаем Бога. Іншымі словамі, мы “бачым” Бога праз сваіх бацькоў.

Вось чаму так важна, каб нашыя адносіны з бацькамі былі здаровымі, вось чаму нам, як бацькам, у адносінах да сваіх дзецей, трэба дастойна сябе паводзіць, памятаючы, што мы носім вобраз Нябеснага Айца, што праз нас нашае дзіцё вучыцца пазнаваць Бога.

Вельмі часта бывае так, што калі гаворым каму-небудзь пра тое, што Бог – зьяўляецца нашым айцом, то гэта выклікае зьдзіўленьне, а нават непрыемнае ўражаньне ў таго з кім размаўляем. Гэта гаворыць, што асоба мела прыкры вопыт свайго айца. Такой асобе цяжка прыняць Бога, бо зямны айцец, з якім мы яго параўноўваем, быў, напрыклад, суворы і жорсткі, і зусім ня добры.

Вядомы філосаф Сартр у дзяцінстве прапаліў дзірку ў дыване і вельмі моцна перапужаўся, бо баяўся гневу свайго бацькі. А калі ён вырашыў схаваць дзірку ў дыване пад фатэлям, то яму ў галаву прыйшла думка, што Бог усёроўна бачыць ягоны ўчынак і яму, значыцца, не пазбегнуць гнева айца. Сартр перанёс сваё бачаньне айца на Бога, і ў выніку ў яго атрымаўся паліцэйскі, які толькі чакае, каб працянуць вінавайцу па сьпіне дубінкай... Быць можа таму, калі Сартр стаў дарослым, ён адкінуў веру ў Бога, бо хто ж захоча верыць у Бога-паліцэйскага.

Гэты прыклад Сартра – вельмі павучальны для нас. Кожны з нас зьяўляецца дзіцём. Кожны з нас мае ці меў бацьку. Нашыя бацькі розныя. У кагосьці – добры, дабрадзейны бацька, у кагосьці дрэнны (алкаголік, скандаліст). Аднак кожны з нас ведае, прынамсі адчувае сэрцам, які павінен быць добры бацька і нельга нам гэтае адчуваньне забыць. Мы пакліканы аднавіць свой вобраз бацькі праз прабачэнье сваім бацькам. Потым пры дапамозе гэтага вобразу бацькі пазнаваць Бога, нашага Айца.

Ісус кажа: “Нікога на зямлі не называйце айцом, бо адзін ёсьць Айцец ваш, Той, які ў Нябёсах”. Праз гэта Збаўца падкрэсліў, што няма на зямлі дасканалых айцоў, што поўня Айцоўства належыць Богу. З Яго, як скрыніцы, належыць нам чэрпаць нам узоры для свайго бацькоўства і мацярынства.

Абяцаньне Бога

Звярніце, калі ласка, вашую ўвагу на тое, што толькі да гэтай запаведзі Бог дадае асаьлівае абяцаньне, якое будзе ўзнагародай тым, хто шануе сваіх бацькоў. Менавіта, той, хто так робіць будзе жыць добра і доўга на зямлі.

Ёсьць такая беларуская казка пра старадаўнія часы, калі састарэлых бацькоў завозілі ў лес і пакідалі там паміраць. Толькі адзін чалавек парушыў гэты звычай і схаваў свайго бацьку. Хутка прыйшлі цяжкія часы і толькі дзякуючы парадам старога бацькі сын выжыў ды памог сваім аднавяскоўцам...

Гэта казка нам гаворыць, што старых людзей трэба шанаваць з-за мудрасьці, якую яны маюць, але ня толькі. Шануючы старых – мы шануем саміх сябе. Логіка вельмі простая: калі мы, як грамадства дапамагаем старым людзям, то гэтым мы выказваем сваё жаданьне ў сваёй старасьці таксама атрымліваць дапамогу. Калі мы адмаўляем у гэтай дапамозе старым людзям, гаворачы, што мы лепей грошы патрацім на сябе, а яны неяк сабе дадуць рады, тады ня будзем чакаць дапамогі ад свах дзяцей і ўнукаў у сваёй старасьці.

Глядзіце, колькі карысьці маем спаўняючы проста рузумныя і гуманныя агульнапрынятыя правілы ў грамадстве! Наколькі ж больш вартае слова Бога, які абяцае дабрабыт і доўгае жыцьцё. Гэта слова, запаведзь з’яўляецца ўмовай развіцьця ня толькі матэрыяльнага, але і духоўнага, маральнага.

Абавязкі дзяцей і бацькоў

Кожны з нас мае абавязак пашаны да сваіх бацькоў. Гэта пашана і любоў да іх праяўляецца ў клопаце пра іх шчасьце. Таксама і бацькі маюць абавязкі перад сваімі дзецьмі. Быць бацькамі ня проста: трэба ня толькі забяспечыць сваім дзецям матэрыяльны дабрабыт, але перад усім «паказаць» ім Бога. У гэтым вялікую ролю грае асабісты прыклад. Першы і галоўны абавязак бацькоў – гэта прыняць кожнае дзіця, якое ім пасылае Бог. Бацька і маці ня толькі могуць, але і абавязаны рабіць заўвагі свайму дзіцяці, нават калі яно ўжо дарослае. Трэба, каб бацькі часта маліліся за сваіх дзяцей, бо малітва бацькоў творыць цуды. Тут прыкладам для нас можа быць Сьв. Моніка, маці сьв. Аўгусьціна.

Любоў да Бацькаўшчыны

Чацьвёртай запаведзьдзю Бог запавядае нам таксама любіць сваю Бацькаўшчыну. У кожнай мове слова «бацькаўшчына» зьвязана са словам «бацька». Любіць Бацькаўшчыну, Айчыну – гэта значыць любіць свой народ, сваю гісторыю, мову і зямлю нягледзічы ні на што. Гэта азначае – будаваць справядлівае грамадства і працаваць для дабрабыту ўсёй краіны; клапаціцца пра сваю мову і культуру...

Нашая беларуская мова — гэта мова нашых бацькоў, нашых славутых продкаў. Мы, беларусы, забыліся на сваю мову і гісторыю, а яны ж дадзеныя нам ад Бога. Той, хто адмаўляецца ад дарункаў, той карае сам сябе... Мы ж, хрысьціяне, пакліканы да таго, каб даць іншым нашым суайчыннікам сьведчаньне памяці пра гістарычную праўду. Памятайма, што праўда вызваляе чалавека і вядзе яго да Госпада нашага Ісуса Хрыста.

На гэтым я развітваюся з вамі. У эфіры была праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы а. Андрэй Буйніч. Вашыя водгукі і пытаньні дасылайце на эмэйл zsercam@gmail.com.







All the contents on this site are copyrighted ©.