2011-03-27 13:57:44

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: кожны з нас можа ідэнтыфікаваць сябе з Самаранкай


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI сустрэўся 27 сакавіка з вернікамі, сабранымі на Плошчы св. Пятра, на малітве “Анёл Панскі”. Кіруючы да іх свае разважанні, Папа звярнуўся да тэксту Евангелля з Трэцяй нядзелі Вялікага посту аб сустрэчы Езуса з Самаранкай.

“Дарагія браты і сёстры! - сказаў Святы Айцец.

Сённяшняя Трэцяя нядзеля Вялікага посту адзначана знакамітым дыялогам Езуса з Самаранкай, прадстаўленым евангелістам Янам. Жанчына прыходзіла сюды кожны дзень, каб набраць вады са старой студні, існуючай з часоў патрыярха Якуба, і ў адзін цудоўны дзень яна сустрэла тут Езуса, які седзеў "стомлены падарожжам" (Ян 4,6). Св. Аўгустын так гэта каментуе: "Не дарма Езус мучаецца... Моц Хрыста цябе стварыла, слабасць Хрыста стварыла цябе нанава... Сваёй моцай нас стварыў, са сваёй слабасцю прыйшоў шукаць нас" (Гамілія да Евангелля св. Яна 15, 2). Стомленасць Езуса, знак яго сапраўднай чалавечнасці, можна разглядаць як прэлюдыю да мукі, праз якую Ён прывёў да выканання справы нашага збаўлення. Асабліва ў размове з Самаранкай ля студні з’яўляецца тэма "прагі" Хрыста, якая сваё звянчэнне атрымоўвае ў крыку на Крыжы: "Прагну" (Ян 19,28). Гэта прага, так як стомленасць, безумоўна, мае фізічную аснову. Езус, аднак, як кажа Аўгустын, "прагнуў веры гэтай жанчына" (Гамілія да Евангелля св. Яна 15, 11), таксама як веры кожнага з нас. Бог Айцец паслаў Яго, каб задаволіць нашу прагу вечнага жыцця, даючы нам сваю любоў, але, каб зрабіць магчымым атрымаць нам гэты дар, Езус просіць веры для нас. Усемагутнасць любові заўсёды паважае свабоду чалавека, стукаецца да яго сэрца і церпяліва чакае яго адказу.

У сустрэчы з Самаранкай на першы план выходзіць сімвал вады, якая выразна паказвае на сакрамэнт хросту – новую крыніцу жыцця для веры ў Божую ласку. Гэта Евангелле, як я ўжо казаў падчас катэхезы ў Папяльцовую сераду, з'яўляецца часткай старадаўняй дарогі падрыхтоўкі катэхуменаў да хрысціянскага прысвячэння, якая заканчвалася ў вялікую Вігілію Пасхальнай Ночы. "Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі" (Ян 4,14). Гэта вада прадстаўляе Святога Духа – "дар" у поўным значэнні, які Езус са сваім прышэсцем прынёс нам ад Бога Айца. Той, хто нараджаецца з вады і Духа Святога, гэта значыць у хросце, уступае ў рэальныя адносіны з Богам, сыноўнюю сувязь і можа праслаўляць Яго "у Духу і праўдзе" (Ян 4,23.24), як сказаў Езус Самаранцы. Дзякуючы сустрэчы з Хрыстом і дару Святога Духа вера чалавека становіцца поўнай у адказ на паўнату Божага аб’яўлення.

Кожны з нас можа ідэнтыфікаваць сябе з гэтай жанчынай, Езус чакае нас, асабліва ў гэты час Вялікага посту, каб гаварыць да нашага сэрца. Давайце затрымаемся на хвіліну ў цішыні ў сябе ў пакоі або ў храме або ў адасобленым месцы. Паслучаем яе голас, які кажа нам: "Калі б ты мне даў дар Божы...". Няхай дапаможа нам Панна Марыя, каб мы не стаміліся на шляху да гэтай сустрэчы, ад якой залежыць наша сапраўднае шчасце”.


Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец звярнуў увагу на сітуацыю ў Лівіі. Папа заклікаў да дыялогу, які прывядзе да спынення ваенных дзеянняў. “Ва ўмовах усё больш драматычнай інфармацыі, якая паступае з Лівіі, павялічваецца мой непакой аб бяспецы грамадзянскага насельніцтва, і мая турбота аб развіцці сітуацыі, якая ў цяперашні час характарызуецца прымяненнем зброі. - сказаў Бэнэдыкт XVI. - У перыяды павышанай напружанасці больш актуальнай становіцца неабходнасць звароту да ўсіх даступных сродкаў, якія мае дыпламатыя, і падтрыманне нават самых слабых сігналаў адкрытасці і імкнення да прымірэння паміж усімі бакамі ў пошуках устойлівых і мірных рашэнняў”. Папа заклікаў міжнародныя арганізацыі, палітычнае і ваеннае кіраўніцтва да неадкладнага дыялогу, які прывядзе да спынення гвалту.

Пантыфік звярнуўся таксама да ўладаў краін Блізкага Усходу, дзе ў апошнія дні адбыліся розныя інцыдэнты, звязаныя з гвалтам, каб першынство там заўсёды меў “шлях дыялогу і прымірэння ў пошуках справядлівага і братэрскага суіснавання”.







All the contents on this site are copyrighted ©.