2011-03-24 14:44:29

Пакістан: прызначаны новы міністр па справах рэлігійных меншасцяў


RealAudioMP3 Хрысціянін Пол Бхаці, брат забітага міністра Шахбаза Бхаці, сёння быў прызначаны "спецыяльным дарадцам" прэм'ер-міністра Пакістана па справах рэлігійных меншасцяў. Пра гэта паведаміла каталіцкае агенцтва “Fides” са спасылкай на ўрадавыя крыніцы Пакістана.

Спецыяльны дарадца будзе мець паўнамоцтвы міністра, у бліжэйшыя дні яму трэба будзе прынесці прысягу. Гэтая навіна пакуль не была пацверджана афіцыйнымі крыніцамі, але хрысціяне ўжо горача вітаюць прызначэнне іх аднаверцы на адказны пост.

Пол Бхаці - урач, ён некалькі гадоў жыў у Італіі. Нядаўна яго абралі дырэктарам Агульнапакістанскага альянсу меншасцяў “All Pakistan Minorities Alliance”, заснаванага яго братам Шахбазам Бхаці ў 2002 годзе ў мэтах абароны свабоды сумлення.

Шахбаз Бхаці, міністр па справах нацыянальных меншасцяў Пакістана, быў забіты 2 сакавіка ў цэнтры Ісламабада. Невядомыя абстралялі яго картэж, і ад атрыманых раненняў міністр памёр на месцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.