2011-03-23 11:23:19

Новы Запавет перакладзены на мову цыган


RealAudioMP3 Кнігі Новага Запавету перакладзены на мову цыган сінці. Пераклад стаў вынікам 25-гадовай працы дома Сясцёр міласэрнасці “Хеброн” у Марбурге і місіі перакладчыкаў “Уікліфф” (Wycliff). Паводле інфармацыі партала “Deutsche Evangelische Allianz”, пераклад быў прэзентаваны падчас святочнага набажэнства 13 сакавіка ў доме Сясцёр міласэрнасці.

Стартавы тыраж выдання склаў 2 тыс. экзэмпляраў. Дзень прэзентацыі Новага Запавету будзе з гэтага часу штогод адзначацца сінці як свята.

Сінці – гэта адна з заходніх галін цыган. Франкамоўныя сінці называюцца мануш. Традыцыйнай тэрыторыяй пражывання сінці і мануш заўсёды лічыліся: Германія, Францыя, Аўстрыя, Нідэрланды, Бельгія, Швейцарыя, поўнач Італіі і Швецыя. Па веравызнанні яны пераважна пратэстанты і католікі. У Германіі пражывае зараз каля 120 тыс. сінці.

Біблія сёння цалкам або часткова перакладзеная на 2565 з 6900 моў, існуючых на планеце. У цяперашні час ідзе праца над перакладам яшчэ прыкладна на 2 тыс. моў. Вялікая частка гэтых праектаў праходзіць пры ўдзеле місіі “Уікліфф”.







All the contents on this site are copyrighted ©.