2011-03-23 16:17:09

Бэнэдыкт ХVI: свету патрэбныя людзі міру


RealAudioMP3 «Сёння свету патрэбны мір, а ўсе, хто верыць у Бога, павінны заўсёды быць крыніцай міру і ствараць мір», — адзначыў Бэнэдыкт ХVI падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі. У сваёй катэхезе Папа ўзгадаў святога Лаўрэнція з Брындызі, які жыў на рубяжы ХVI–ХVIІ стагоддзяў. Святы Лаўрэнцій вядомы як выдатны прапаведнік і абаронца каталіцызму ў часы Рэфармацыі.

«Ад самага дзяцінства святы Лаўрэнцій захапляўся ордэнам святога Францішка з Асізі. У 1575 годзе стаў капуцынам, а ў 1582 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Ужо падчас вучобы Лаўрэнцій праявіў выдатныя інтэлектуальныя здольнасці. З лёгкасцю вывучаў старажытныя мовы — грэчаскую, іўрыт, сірыйскую, а таксама сучасныя — французскую і нямецкую», — адзначыў Папа.

Святы Лаўрэнцій добра ведаў не толькі Біблію, але і рабінскую літаратуру, што выклікала здзіўленне рабінаў, а таксама вялікую павагу да яго. Грунтоўнае веданне Святога Пісання і твораў Айцоў Касцёла давала яму магчымасць навучаць каталіцкай дактрыне хрысціян, асабліва ў Германіі, якія далучыліся да Рэфармацыі. Ён даваў тлумачэнне ўсім артыкулам веры, якія аспрэчваў Марцін Лютэр. Сярод іх, між іншым, першынство святога Пятра і яго наступнікаў, апраўданне як унутраная перамена чалавека, неабходнасць добрых учынкаў для збаўлення.

Бэнэдыкт XVI нагадаў і аб тым, якое значэнне мела прапаведніцтва св. Лаўрэнція для простых людзей. Пропаведзі святога казалі ім аб неабходнасці жыць верай. Гэта была вялікая заслуга айцоў капуцынаў і іншых манаскіх ордэнаў, якія ў ХVI і ХVII стагоддзях праз сваё сведчанне і навучанне спрыялі аднаўленню хрысціянскага жыцця ў грамадстве. «Таксама і сёння новая евангелізацыя патрабуе добра падрыхтаваных, руплівых і мужных апосталаў, каб святло і прыгажосць Евангелля перамаглі плынь этычнага рэлятывізму, рэлігійнай індыферэнтнасці і ператварылі розныя спосабы мыслення і дзейнасці ў сапраўдны хрысціянскі гуманізм», — дадаў Папа.

Святы Лаўрэнцій з Брындызі мог выконваць гэтую працу ў многіх гарадах Італіі і ў іншых краінах, нягледзячы на тое, што знаходзіўся і на іншых адказных пасадах. У ордэне капуцынаў быў прафесарам тэалогіі, кіраўніком навіцыяту, неаднойчы з’яўляўся правінцыялам і, нарэшце, у 1602-1605 гадах з’яўляўся генеральным настаяцелем Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Святы Лаўрэнцій духоўнае жыццё вёў з выключнай стараннасцю, прысвячаючы шмат часу малітве, а асабліва цэлебрацыі святой Імшы. Іншай рысай, характэрнай для працы гэтага святога, — паведаміў Папа падчас сённяшняй аўдыенцыі, — была ягоная дзейнасць на карысць міру. Яму былі даручаны важныя дыпламатычныя місіі для ўрэгулявання канфліктаў і дасягнення згоды паміж еўрапейскімі дзяржавамі, якім пагражала ў той час Асманская імперыя.

«Сёння, як і ў часы святога Лаўрэнція, свет мае патрэбу ў міры, свету неабходны мужчыны і жанчыны, якія нясуць мір і прымірэнне. Кожны, хто верыць у Бога, заўсёды павінен быць працаўніком на карысць міру», — дадаў Бэнэдыкт ХVI.

Лаўрэнцій з Брындызі быў кананізаваны ў 1881 годзе. За актыўнае служэнне і глыбокія веды папа Ян ХХІІІ у 1959 годзе надаў яму званне «Dottore apostolico». Гэтае прызнанне ён атрымаў таксама за тое, што быў аўтарам шматлікіх прац па біблейскай экзэгезе, тэалогіі і лістоў па прапаведаванню. У іх ён прапануе сістэматычны перагляд гісторыі збаўлення, надаючы асаблівую ўвагу таямніцы Уцелаўлення — найбольшай праяве любові Бога да людзей.

«Уся дзейнасць святога Лаўрэнція была натхнёна вялікай любоўю да Святога Пісання, якое ён ведаў на памяць, і перакананнем, што слуханне і прыняцце Слова Божага спрыяе ўнутранаму перамяненню, якое вядзе да святасці. Святы Лаўрэнцій з Брындызі вучыць нас любіць Біблію, расці ў блізкасці з ёю, каб сябраваць з Панам у малітве, таму што кожнае дзеянне мае ў Ім свой пачатак і канец», — адзначыў Бэнэдыкт ХVI на заканчэнне катэхезы, прамоўленай падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.