2011-03-23 13:56:19

Апостальская Пэнітэнцыярыя: усё больш прыходзіцца мець справу з новымі відамі грахоў


RealAudioMP3 У памяшканні Апостальскай Пэнітэнцыярыі ў Рыме пачаўся штогадовы курс для маладых святароў, прысвечаны сакрамэнту пакаяння. Арганізаваны ўжо ў дваццаты раз фармацыйны цыкл, сёлета датычыць так званага “forum internum”, г.зн. пытанняў звязаных з сумленнем пэнітэнта. Яны могуць уключаць таксама пазасакрамэнтальныя пытанні. У асобных выпадках Апостальская Пэнітэнцыярыя, якую называюць таксама касцёльным трыбуналам міласэрнасці, дае адпушчэнне грахоў ці дыспэнсы, якія можа ўдзяліць выключна Апостальская Сталіца.

Як кажа тэолаг Пэнітэнцыярыі, славацкі езуіт кс. Ян Дачок, усё маральнае жыццё чалавека можа быць прадметам “forum internum”. Гэта вельмі шырокі спектр і тут не можна даць вычарпальны пералік правілаў.

Славацкі святар адзначае, што Апостальская Пэнітэнцыярыя вывучае і прымае рашэнні па справах, якія датычаць сумлення. "Выпадкі сумлення" з'яўляюцца цяжкімі сітуацыямі для вернікаў, якія шукаюць рашэння праз пасрэдніцтва Касцёла. Пэнітэнцыярыя займаецца самымі рознымі пытаннямі: ад парушэнняў і прававых перашкод для прыняцця сакрамэнтаў пасвячэння і сужэнства, праз экскамунікі з-за аборту, да пытанняў вельмі індывідуальных. У гэтых выпадках, вернікі часта звяртаюцца ў Апостальскую Пэнітэнцыярыю, хоць у першую чаргу дапамогі трэба шукаць у душпастыраў, адзначае кс. Дачок.

У сваю чаргу, рэгент трыбуналу, біскуп Джанфранка Джыроці, кажа, што Касцёлу ўсё больш прыходзіцца мець справу з новымі відамі грахоў і праяваў маральнага зла. Напрыклад, штучнае апладненне, медыцынскія эксперыменты або іншыя з’явы, якія нейкім чынам згубна ўплываюць на грамадства або навакольнае асяроддзе. У той жа час, споведзь, як з боку пэнітэнта, так і спаведніка, часам разглядаецца занадта фармальна. Таму Апостальская Пэнітэнцыярыя імкнецца, каб маладыя святары выкарыстоўвалі сакрамэнт пакаяння, як эфектыўны інструмент для фарміравання сумленняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.