2011-03-22 15:27:50

“Ціхая ноч” стала часткай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА


RealAudioMP3 Калядка “Ціхая ноч” ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра гэта было абвешчана на прэс-канферэнцыі ў Вене. Як было адзначана, вядомая калядная песня ўнесла “значны ўклад у захаванне культурнай разнастайнасці”.

Знакамітая песня была напісана 24 снежня 1818 г. у вігілію Божага Нараджэння ў аўстрыйскай вёсцы Обэрндорф пад Зальцбургам. Яе тэкст напісаў пробашч касцёла св. Мікалая Ёзэф Мор, а музыку арганіст Франц Грубер. Прэм'ера песні адбылася ў той жа дзень на ўрачыстай Пастэрцы.

“Ціхая ноч” шырока распаўсюдзілася ў Еўропе, у нямецкіх касцёльных спеўніках яна з'явілася ў 1831 г., прычым у іх значылася, што “аўтары тэксту і музыкі невядомыя”. Аўтарства атрымалася канчаткова ўсталяваць толькі ў 1854 г.

У пачатку XX ст. касцёл у Оберндорфе быў разбураны паводкай. Цяпер на яго месцы ўзведзена невялікая каплічка, а ў суседнім доме адчынены "Музей Ціхай ночы”. Самая старажытная з аўтарскіх партытур калядкі (каля 1820 г.) захоўваецца ў Зальцбургскім музеі “Carolino Augusteum”.







All the contents on this site are copyrighted ©.