2011-03-22 15:48:56

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Свядомае або несвядомае адкрыццё на спакусы злога духа


Паважаныя слухачы, у нашых папярэдніх разважаннях мы звярнулі ўвагу на тое, што на фарміраванне хрысціянскай ідэнтычнасці ўплываюць не толькі адносіны з Богам, але таксама свядомае або несвядомае адкрыццё на спакусы злога духа. Яшчэ старажытныя айцы пустыні заўважылі, што вернікі часта паддаюцца дзьвюм крайнасцям. З аднаго боку, хрысціяне могуць паддацца тэндэнцыі да ігнаравання дзеяння злога духа. З другога боку, некаторыя спяшаюцца ўсю віну за зло ў свеце зваліць на дэманічныя сілы.

У апошнія стагоддзі імклівае развіццё прыродазнаўчых навук і тэхнікі нараджала ілюзію, што чалавечы розум усё здолее спазнаць і растлумачыць. Вучоныя-рамантыкі імкнуліся даказаць, што божыя і дэманічныя сілы – гэта ўсяго-толькі неспазнаныя дзеянні сіл прыроды. Аднак далейшае развіццё навук прывяло да крызісу веры ва ўсемагутнасць чалавечага розуму. Вучоныя пачалі прызнаваць існаванне звышнатуральных з’яваў. Навука і рэлігія сустрэліся. Цяпер, на пачатку 21-га стагоддзя, можна заўважыць крызіс рацыяналізма і матэрыялістычнага светаўспрымання. У выніку нагнятаецца другая крайнасць - цікавасць да паранармальных з’яваў. Гэта дасканала ўпісалася ў адвечную спакусу чалавека стаць богам, быць валадаром не толькі натуры, але і звышнатуральнага. У гэтай спакусе крыецца адраджэнне моды на эзатэрыку, магію, акультызм.

Яшчэ старажытныя айцы Касцёла заўважалі, што дзеянне злога духа заўсёды ідзе ў двух кірунках: зацямніць чалавечы розум і аслабіць волю. Воля і розум чалавека – гэта тыя дзве вышэйшыя сферы, якія найбольш перашкаджаюць знішчальнай дзейнасці сатаны. Таму злы ў першую чаргу імкнецца заблакаваць іх дзеянне.

У сферы чалавечага інтэлекту дэман не можа нічога стварыць, ён не можа дадаць нам новых думак, як сцвярджаў св. Максім Вызнаўца. Дэман імкнецца перадусім маніпуляваць вобразамі, якія ўжо носіць у сабе чалавек. Нашае ўяўленне – гэта тая сфера, якая лёгка паддаецца ўплывам эмоцый, выходзіць па-за межы разумнасці і кантролю. У практыцы можна заўважыць, што большасць т.зв. грахоў у думках прыходзяць менавіта праз вобразы, уяўленне або памяць. Гэта тыя сферы чалавека, якія найбольш падатныя на знішчальныя маніпуляцыі злога духа. А калі ўлічыць, што сучасная культура з усіх бакоў атакуе нас светам вобразаў, то ўзнікае пытанне: якімі вобразамі корміцца нашае ўяленне? Бо праз вобраз фарміруюцца адпаведныя думкі, якія нараджаюць такія ж дзеянні. Разуменне таго, як шмат у нашым жыцці залежыць вобразаў, якімі мы кормімся, схіляе нас да асаблівага дбання аб культуры ўяўлення, каб адкрывацца толькі на добрую і карысную інфармацыю.

Акрамя ўяўлення, магутным каналам маніпуляцыі з боку злога духа можа быць чалавечая памяць. Менавіта сфера ўспамінаў часта становіцца крыніцай негатыўнага мыслення і дзеяння. Айцы Касцёла звярталі ўвагу, што злых дух найчасцей маніпулюе нашымі ўспамінамі ў двух кірунках. Першы – гэта пабуджэнне тугі па ранейшых “добрых” часах. Дэман імкнецца зацыкліць чалавека на добрым успаміне з мінулага, каб адцягнуць увагу ад сучаснасці, ад рэальнага жыцця. Другі кірунак спакушэння – гэта разварушванне старых ранаў, каб не дапусціць іх загойвання. Паддаўшыся такой спакусе, чалавек зацыкліваецца на нейкім балючым успаміне, становіцца яго рабом. Прывід мінулага пачынае кіраваць рэальнымі рашэннямі і дзеяннямі асобы.

Мудрасць Божага Слова і шматвяковы духоўны вопыт Касцёла заклікае кожнага хрысціяніна да чування. Разуменне стратэгіі дзеяння злога духа можа забяспечыць нас ад жыццёвых драм і трагедый. Усведамленне таго, што злы дух не можа ўвайсці туды, дзе прабывае Божы Дух, можа стаць заахвочваннем для кожнага верніка, каб запрашаць Пана Бога ва ўсе сферы свайго жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.