2011-03-22 13:16:18

Нямецкі кардынал: "кожны год мы губляем вялікую парафію"


RealAudioMP3 Біскуп Майнца кардынал Карл Леман канстатуе, што кожны год дыяцэзія “губляе па колькасці вялікую парафію”, у сярэднім каля 4,5-5 тыс. чалавек. Біскуп заклікаў “праяўляць клопат аб кожным, хто вырашыў пакінуць Касцёл”. Кардынал Леманн настойвае на неабходнасці асабістай гутаркі з такім чалавекам.

Клопат аб пакідаючых Касцёл, іерарх абазначыў як адну з найважнейшых пастырска-місійных задач. “Не толькі святары, але кожны хрысціянін павінен праявіць удзел у жыцці людзей, якія вырашылі пакінуць Касцёл”, - напісаў біскуп Майнца ў адмысловым пастырскім пасланні, якое было агучана ва ўсіх парафіях дыяцэзіі.

Іерарх лічыць, што кожны святар, які губляе вернікаў, можа запрашаць іх для размовы пра прычыны выхаду з Касцёла: “Калі ў ходзе размовы асоба паказвае цвёрдасць сваіх намераў, то, як мінімум, чалавек будзе ведаць, што Касцёлу яго лёс неабыякавы”.

Кардынал выразна паказаў на наступствы выхаду з Касцёла, заявіўшы, што пасля гэтага немагчымы ніякі ўдзел у сакрамэнтах. Нарэшце, ён падкрэсліў, што чалавек, пакінуўшы супольнасць вернікаў, можа “у любы час вярнуцца”. Аднак гэта не павінна быць пустой фармальнасцю: “неабходна глыбокае раскаянне і гатоўнасць да ўнутраных пераменаў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.