2011-03-22 15:40:05

"Homo caritatis". Сям'я ў сацыяльным навучанні Касцёла


RealAudioMP3 У сённяшняй праграме мы пачнем размову аб тэмах, якімі займаецца сацыяльнае навучанне Каталіцкага Касцёла. Першым, на што звяртаецца ўвага ў Кампендыўме, з’яўляецца тэма сям’і. Праблемы гэтага сацыяльнага інстытута з’яўляюцца прыярытэтнымі ў сацыяльнай дзейнасці Касцёла. Асабліва сёння, калі да шматлікіх пагрозаў сям’і дадалася небяспека скажэння самаго гэтага паняцця, Касцёл з’яўляецца адным з нямногіх інстытутаў, які стаіць на яе абароне і адкрыта кажа аб праблемах. Чаму Касцёл бароніць існаванне сям’і? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне ў сённяшняй праграме.

Сямя месца сталення чалавека

Сям’я з’яўляецца першай натуральнай супольнасцю людзей. Яе стварэнне закладзена ў Божы план ад самага пачатку існавання чалавека. Дзейнасць сям’і скіравана на дабро чалавека і грамадства. Менавіта тут чалавек пазнае праўду аб самім сабе, адкрывае сваю натуру і здольнасці, якія ёй адпавядаюць. У гэтым сэнсе сям’я з’яўляецца першай і фундаментальнай структурай, дзякуючы якой асоба можа наблізіцца да праўды аб самой сабе, аб іншых людзях, аб свеце і Богу.

У сямейным асяродзі, чалавек распазнае ў бліжнім не перашкоду для сваёй свабоды, але асобу з якой неабходна ўсталяваць адносіны адзінства: гэта фундамент існавання грамадства; гарантыя яго дакладнага функцыянавання; школа, дзе вучацца істотным элементам сумеснага жыцця, якое грунтуецца на ўзаемнай павазе, клопаце і любові да бліжняга. Кожнае грамадства, якое хоча служыць дабру чалавека, не можа не лічыцца з гэтымі каштоўнымі функцыямі, якія выконвае сям’я.

Саюз мужчыны і жанчыны гэта аснова сямі

Любая сям’я мае свае карані ў сужэнстве паміж мужчынай і жанчынай. Хрысціянская вера суадносіць сужэнства з Божай воляй адносна чалавека. Шлюб мае свае характарыстыкі, якія заключаюцца ў поўным абдараванні сужонкамі адзін аднаго ўсімі кампанентамі, якія складаюць іх натуру, г.зн., і фізічнымі і духоўнымі. Акрамя ўзаемнага адзінства, мэтай сужэнства з’яўляецца ўдзел у Божай справе стварэння праз нараджэнне і выхаванне дзяцей. Гэты абавязак мужчыны і жанчыны заключаецца таксама ў тым, каб даць свабоду сваім дзецям для развіцця іх арыгінальных здольнасцяў. У гэтым выражаецца яшчэ большае падабенства сям’і да дзейнасці Бога адносна чалавека.

Сацыяльная субетыўнасць сямі

Кампендыўм звяртае ўвагу на сацыяльную суб’ектыўнасць сям’і. Сувязь кахання, на якой грунтуецца сям’я дае магчымасць пабудаваць сацыяльную групу, члены якой шукаюць гармоніі паміж рознымі патрэбамі і жаданнямі кожнага. Прысутнасць людзей рознага ўзросту дае магчымасць сустрэчы, развіцця здольнасці слухаць і паважаць іншага. Найвышэйшая каштоўнасць для грамадства, што зараджаецца ў сям’і, гэта любоў, якая пераўзыходзіць справядлівасць. Гэта каштоўнасць павінна быць замацавана ў сумленні чалавека, каб знайсці сваё выражэнне ў сацыяльнай сферы, у сустрэчы з людзьмі, якія таксама з’яўляюцца членамі нашай агульнай Божай сям’і.

Сямя гэта “санктуарый жыцця”

Яшчэ адна важная характарыстыка сям’і – гэта “санктуарый жыцця”. Сям’я гэта тое месца, дзе жыццё чалавека, павінна зараджацца, падтрымлівацца і абараняцца на працягу ўсёй яго гісторыі. Зачацце ва ўлонні маці, рост і старасць; здароўе і хвароба, радасць і няшчасце – гэта характарыстыкі, якія суправаджаюць жыццё кожнага чалавека. Таму сям’я становіцца тым месцам, дзе кожны павінен знайсці клапатлівую любоў.

Гэта нямногія з тых прычын, па якіх Касцёл клапоціцца аб захаванні інстытута сям’і і яго важнасці ў грамадстве. Сям’я гэта месца, дзе чалавек становіцца сабой, дзе вучыцца адносінам з іншымі, пазнае значэнне ахвярнай любові. У адносінах паміж сям’ёй і грамадствам, як адзначае Кампендыўм, дзяржава павінна падтрымліваць і абараняць правы сям’і праз адпаведную палітыку. Заканадаўчая і палітычная дзейнасць павінна быць арыентавана на абарону сямейных каштоўнасцяў, спрыяць захаванню інтымнай атмасферы і гармоніі ў сям’і, павазе да новага жыцця і сапраўднай свабодзе ў выхаванні дзяцей. Таму дзяржава і грамадства не павінны паглынаць, замяняць ці змяншаць сацыяльнае значэнне сям’і. Не малаважным фактарам з’яўляецца і матэрыяльнае жыццё сям’і. Касцёл на працягу сваёй гісторыі пастаянна звяртае ўвагу на неабходнасць, так званага сямейнага заробку. Гэта значыць, што заробак, павінен даваць магчымасць годнага жыцця, не толькі для таго, хто працуе, але таксама для ўсёй яго сям’і.

Адказнасць хрысціян за захавання інстытута сямі сёння

Сёння, нажаль, сям’я ўсё часцей сустракаецца з пагрозамі для свайго існавання. Гэта звязана са стылем нашага жыцця, спажывальніцкай ідэалогіяй, вобразамі, якія дамінуюць на тэлебачанні і ў глянцавых часопісах і г.д.. Усё часцей слова “любоў” выкарыстоўваецца ў любых значэннях, толькі не ў тым, што яно азначае на самой справе.

Мы хрысціяне прыносім прыгажосць у гэты свет. Людзі захапляюцца цудоўнымі сярэдневечнымі гарадамі, плошчамі, касцёламі, якія будаваліся хрысціянамі. Творы мастацтва і музыка, натхнёныя верай ў Езуса Хрыста з’яўляюцца вяршыняй чалавечага генія. Але прыгожыя не толькі будынкі і рэчы. Прыгожым можа быць і стыль жыцця. Ствараючы моцныя, вялікія сем’і, у якіх пануе любоў, узаемная павага і клопат, мы таксама нясем ў гэты свет прыгажосць. Ад нас вельмі шмат залежыць сёння, ці свет будзе захапляцца гэтым цудоўным інстытутам, якім з’яўляецца сям’я.








All the contents on this site are copyrighted ©.