2011-03-21 12:28:18

Мітрапаліт Іларыён заклікаў католікаў сумесна бараніць хрысціянства


RealAudioMP3 19 сакавіка ў нямецкім горадзе Вюрцбург скончыў сваю працу IV міжнародны кангрэс фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Сёлета тэмай форуму сталі “Шляхі збліжэння Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы 20 год пасля распаду СССР”.

Выключнасць кангрэсу прыдала прысутнасць кардынал Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і мітрапаліта Іларыёна, кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Яны заявілі аб “неабходнасці сумесных дзеянняў для абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным свеце”.

На думку ватыканскага іерарха тэалагічная дыскусія аб прымаце ў Касцёле, гэта толькі вяршыня айсберга, бо мэтай экуменічнага дылогу з’яўляецца “зварот да бачнага адзінства”. Гэта “самы цудоўны матыў” экуменічнай дзейнасці, - сказаў іерарх, - дадаўшы, што “бясконца важнымі” з’яўляюцца ўзаемныя адносіны, якія дазваляюць ісці наперад “у прынцыповых пытаннях”.

Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што за апошнія 20 гадоў каталіцка-праваслаўныя адносіны былі складанымі ў сувязі з новай палітычнай сітуацыяй у Еўропе пасля падзення Бярлінскай сцяны. Пасля абрання Бэнэдыкта ХVI у адносінах паміж супольнасцямі дасягнуты “значны прагрэс” таму, што гэты Папа, па словах Мітрапаліта, добра ведае праваслаўе.

Іерарх зазначыў, што католікі і праваслаўныя сутыкаюцца з тымі ж выклікамі сучаснага свету, прычым справа “не ў тэалагічных пытаннях але ў сучаснасці і будучыні чалавечай супольнасці”.

“Сёння толькі Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква абараняюць традыцыйны лад сямейнага жыцця. Я рады, што працягваецца канкрэтнае супрацоўніцтва ў гэтым напрамку”, - сказаў Мітрапаліт Іларыён. “Таму я прапаную, каб мы выступалі разам, не супраць іслама і секулярызму, але ў абарону хрысціянства і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў”.

Падводзячы вынікі форуму, кардынал Кох сказаў, што не трэба ісці на барацьбу з кімсці, але змагацца за штосці. Ён запэўніў, што гэта таксама аснова для праграмы папы Бэнэдыкта ХVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.