Лацінская Амерыка: Касцёл крытыкуе ЗША за эміграцыйную палітыку
Касцёл ў Лацінскай
Амерыцы не шкадуе крытыкі ў бок Злучаных Штатаў. Яе галоўнай тэмай з'яўляецца эміграцыйная
палітыка, бо справа датычыць перш за ўсё людзей з гэтага рэгіёну. Епіскапаты краін
Лацінскай Амерыкі неаднаразова заклікалі да рэформы палітыкі ЗША ў гэтай сферы. У
падтрымку гэтай ініцыятывы выступаў Касцёл у Злучаных Штатах.
Спадзяванне,
што нешта зменіцца, выказаў арцыбіскуп Хасэ Луіс Эскабар Алас з Сальвадора. На яго
думку, такой магчымасцю можа стаць маючы адбыцца 22-23 сакавіка візіт Барака Абамы
ў гэтую цэнтральнаамерыканскую краіну. "Мы заклікаем прэзідэнта ЗША, каб ён выкарыстаў
свой уплыў для правядзення эміграцыйнай рэформы яшчэ падчас свайго прэзідэнцтва",
- сказаў арцыбіскуп Сан-Сальвадора. Ён дадаў, што перш за ўсё мова ідзе аб тым, каб
не ўспрымаць нелегальных эмігрантаў, як звычайных злачынцаў, не раздзяляць прымусова
сем’і і не перашкаджаць у атрыманні адукацыі.
Злучаныя Штаты, якія так старанна
ахоўваюць свае паўднёвыя межы ад няпрошаных гасцей, не гэтак скрупулёзныя ў дачыненні
да таго, што плыве ў зваротным напрамку. На гэта звярнула ўвагу архідыяцэзія Мехіка,
абвінавачваючы паўночнага суседа ў цынізме і адказнасці за распаўсюджванне гвалту.
Мова ідзе аб кантрабандзе зброі, якая пастаўляецца на рынак арганізаванай злачыннасці.
У адмысловай заяве сталічная архідыяцэзія адзначае, што зацяжная грамадзянская вайна
наркакартэляў з паліцыяй і войскам , а таксама паміж сабой, каштавала на працягу апошніх
чатырох гадоў жыццяў 30 тысяч людзей. Забітыя, гэта часта выпадковыя людзі, у тым
ліку непаўналетнія. Адказнасць за гэтую сітуацыю Касцёл кладзе на губернатараў памежных
штатаў ЗША, асабліва Арызоны. Кантэкстам гэтага абвінавачвання з'яўляецца нядаўна
раскрыты факт, што амерыканскія службы кантролю зачынілі вочы на незаконны экспарт
у Мексіку 2 тыс. адзінак зброі.