2011-03-15 15:39:33

Дэкрэт “Perfectae caritatis”. “ІІ Ватыканскі Сабор – компас ІІІ тысячагоддзя”


RealAudioMP3 “Манаскія ордэны неабходныя Касцёлу” - адзначае эксперт нашага радыё па ІІ Ватыканскім Саборы, кс. Дарыюш Кавальчык. Сабор сцвярджае, што “ад пачатку ў Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія хацелі праз практыкаванне евангельскіх парад з большай свабодай ісці за Хрыстом і больш Яго наследаваць” (1). Трэба спадзявацца, што такія людзі будуць да канца часоў.

Кс. Кавальчык адзначае, што “аднаўленне манаскага жыцця прадугледжвае адначасова: як пастаяннае вяртанне да першапачатковага духу інстытутаў, так і дастасаванне да зменлівых умоў часу (2). Дэкрэт аб манаскім жыцці падкрэслівае, што “нават самыя найлепшыя дастасаванні да патрабаванняў нашага часу стануць безвыніковымі, калі не будуць ажыўлены духоўным абнаўленнем” (2).

Чыстасць, перажываная у сапраўднасці з’яўляецца контраргументам “ілжывым тэорыям, якія даказваюць, што абсалютнае ўстрыманне немагчыма або шкоднае для развіцця чалавека (12). “Другі Ватыканскі Сабор, - адзначае кс. Кавальчык - папярэджвае, што жадаючым жыць у чыстасці немагчыма разлічваць толькі на свае сілы, але трэба спадзявацца на Божую дапамогу”.

Наш эксперт заўважае, што манаская беднасць палягае не на залежнасці ад настаяцеляў у карыстанні дабротамі, але на духоўнай убогасці. “У сваім служэнні кожны павінен падпарадкоўвацца агульнаму закону працы” (13).

Манаская паслухмянасць заснавана на веры ў тое, што Бог хоча дзейнічаць ў жыцці законніка праз сваіх настаяцеляў. Такая манаская паслухмянасць “не толькі не змяншае годнасці чалавечай асобы”, але “наадварот вядзе яе да поўнай сталасці, памнажаючы свабоду дзяцей Божых” (14). Настаяцелі павінны карыстацца сваёй уладай “кіруючы падуладнымі як дзяцьмі Божымі і, шануючы чалавечую асобу, садзейнічаць іх дабравольнай паслухмянасці” (14).

Часта мяркуецца, што Другі Ватыканскі Сабор засяродзіўся на ролі біскупаў, не паглыбіўшы важнасці для Касцёла манаскага жыцця. Магчыма гэта будзе адна з задач будучага Сабору, - адзначыў кс. Дарыюш Кавальчык.







All the contents on this site are copyrighted ©.