2011-03-15 15:25:53

"Homo caritatis". Каштоўнасці сацыяльнага навучання Касцёла


RealAudioMP3 У мінулых праграмах мы паразмаўлялі аб асноўных фундаментах сацыяльнага навучання Касцёла: прынцыпе годнасці чалавека, супольнага дабра, субсідыярнасці і салідарнасці. Але, акрамя прынцыпаў, Касцёл указвае на фундаментальныя каштоўнасці сацыяльнага жыцця і нашых асабістых маральных паводзінаў. Такімі каштоўнасцямі з’яўляюцца: праўда, свабода, справядлівасць і любоў. Аб іх мы паразмаўляем у сённяшняй праграме.

Трыванне ў праўдзе, свабодзе, справядлівасці і любові – гэта надзейны і неабходны шлях да асабістай дасканаласці і гуманізацыі сумеснага жыцця. Гэта таксама арыенцір для тых, хто нясе адказнасць за грамадскія справы і хто пакліканы да ажыццяўлення “важных рэформ і неабходных зменаў у грамадскіх інтытутах”.

Першай каштоўнасцю з’яўляецца праўда. Асаблівая задача чалавека палягае на тым, каб імкнуцца да праўды, паважаць яе і адказна сведчыць аб ёй. Любое сумеснае жыццё людзей становіцца ўпарадкаваным, плённым і адпаведным іх годнасці, калі яно грунтуецца на праўдзе. Чым больш намаганняў людзі прыкладаюць для вырашэння ўсіх сацыяльных праблем згодна з праўдай, тым больш яны аддаляюцца ад злоўжыванняў і самаўпраўства.

Кампендыўм сацыяльнага навучання Касцёла кажа аб тым, што ў наш час асабліва неабходна адукацыйная дзейнасць, скіраваная на тое, каб людзі бралі на сябе адказнасць за пошук праўды, які б вітаўся у любым асяродзі; каб праўда не абмяжоўвалася толькі сукупнасцю розных меркаванняў або адным з іх; каб яна сягала свайго аб’ектыўнага пачатку.

Другой фундаментальнай каштоўнасцю сацыяльнага навучання з’яўляецца свабода. Свабода – гэта адзнака таго, што мы створаны на падабенства Бога, адзнака годнасці чалавечай асобы. Аб павазе да каштоўнасці свабоды можна казаць тады, калі кожнаму члену грамадства дазволена рэалізоўваць сваё ўласнае пакліканне; шукаць праўду і выражаць уласныя рэлігійныя, культурныя і палітычныя ідэі; выражаць уласнае меркаванне; прымаць рашэнні адносна свайго жыццёвага статуса і, па-магчымасці, адносна сваёй працы; браць на сябе ініцыятыву ў эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай сферах. З іншага боку, свабоду можна разумець і як здольнасць адмовіцца ад усякага маральнага зла, у якіх бы формах яно не праяўлялася. Адмовіцца ад усяго таго, што перашкаджае развіццю асобы, сям’і, грамадства.

Яшчэ адной фундаментальнай каштоўнасцю з’яўляецца справядлівасць. Справядлівасць – гэта каштоўнасць, якая суправаджае здзяйсненне маральнага ўчынка. Згодна з класічнай фармуліроўкай, яна заключаецца ў “трывалай і цвёрдай волі аддаваць Богу і бліжняму, тое што ім належыць”.

Справядлівасць з’яўляецца асабліва важнай у сённяшнім кантэксце, калі нягледзячы на шматлікія заяўленні, каштоўнасць асобы, яе годнасць і правы знаходзяцца пад пагрозай з-за распаўсюджанай тэндэнцыі кіравацца крытэрыямі карыснасці і валодання. Аднак справядлівасць, з’яўляецца не дагаворам паміж людзьмі, не чалавечай умоўнасцю. Разуменне таго, што з’яўляецца справядлівым, а што не, палягае не на законе, але нечым большым. Справядлівасць можа дайсці да адмаўлення самой сябе, калі яна не выходзіць насустрач больш глыбокай сіле – любові.

Любоў, фундаментальная каштоўнасць сацыяльнага навучання, якая пераўзыходзіць справядлівасць. Чалавечыя адносіны нельга рэгуляваць толькі справядлівасцю. Вопыт жыцця чалавека паказавае, што яе не дастаткова.

Ніякія сістэмы законаў, правілаў і дагавораў не змогуць аб’яднаць людзей у братэрстве і супакоі, лепш чым любоў. Любоў з’яўляецца не толькі тым, што натхняе індывідуальныя дзеянні, але яна пракладае шлях, на якім можна вырашаць праблемы сучаснага свету і глыбока абнаўляць структуры, грамадскія арганізацыі і прававыя сістэмы.
Любіць чалавека, на грамадскім узроўні, гэта нешта іншае, чым любіць чалавека на індывідуальным узроўні. Любіць яго на сацыяльным узроўні азначае імкнуцца да паляпшэння яго жыцця або знішчэння фактараў, якія абумоўліваюць яго беднасць. Праявай любві з’яўляецца намер арганізаваць грамадства такім чынам, каб бліжні ці цэлы народ ніколі не станавіліся беднымі.

Каштоўнасці сацыяльна навучання – праўда, свабода, справядлівасць і любоў, з’яўляюцца фундаментамі, на якіх павінна грунтавацца жыццё грамадства. Праз праўду мы пачынаем сапраўднае жыццё, праз свабоду мы рэалізуем сябе, праз справядлівасць мы адкрываемся на іншых, а праз любоў, мы пераўзыходзім саміх сябе, сягаем да разумення таго, што нашай мэтай з’яўляецца дабро бліжняга.








All the contents on this site are copyrighted ©.