2011-03-12 12:09:22

Мінск: арцыбіскуп Чэллі раставіць кропкі над “і” адносна СМІ


RealAudioMP3 Неабходнасць пашырэння выкарыстання сучасных сродкаў масавай камунікацыі ў Касцёле ў мэтах евангелізацыі – вельмі часта мы чуем такі заклік і заахвочванне з розных крыніц. Часам гэта тэма пакідае за сабою шмат пытанняў, але ў той жа час выклікае вялікую цікавасць у розных колах. Каб раставіць усе кропкі над “і”у гэтым пытанні і падзяліцца досведам працы Касцёла ў гэтай сферы, у Беларусь быў запрошаны старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, які будзе знаходзіцца з візітам у нашай краіне ў маі бягучага года.

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ідэя аб неоабходнасці такога візіту ўзнікла падчас наведвання Папскай рады па сродках массавай камунікацыі ў 2009 годзе падчас візіту “аd limina” біскупаў Беларусі ў Ватыкан. Менавіта тады вельмі ясна прагучаў з вуснаў арцыбіскупа Чэллі заклік да больш дынамічнага выкарыстання мас-медыя ў евангелізацыі. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, што “восенню мінулага года падчас майго ўдзелу ў пасяджэнні Папскай рады “Iustitia et pax”, я адведаў некалькі кангрэгацый, між іншым і арцыбіскупа Чэллі, і асцярожна спытаў яго, ці не мог бы ён прыехаць калісці ў Мінск, у Беларусь, каб спаткацца са святарамі, прадстаўнікамі мас-медыя – ён адразу прыняў запрашэнне.”

Анансаваны візіт выклікаў вялікую цікавасць у Беларусі: “Спачатку планавалася, што гэта будзе спатканне з каталіцкімі масс-медыя, святарамі, законнікамі і законніцамі, бо ад іх вельмі моцна залежыць спосаб выкарыстання мас-медыя ў нашым душпастырстве. Навіна пра візіт прайшла ў беларускіх СМІ і да мяне звярнуліся прадстаўнікі іншых канфесій, а таксама свецкіх мас-медыя” – сказаў Мітрапаліт. Такім чынам было вырашана ўнесці змены ў праграму візіту, якія дазволяць ўсім зацікаўленым прыняць удзел у сустрэчы з ватыканскім іерархам.

Форум пройдзе ў Чырвоным касцёле 13 мая і будзе падзелены на два тэматычныя блокі. Першы з іх – арыентаваны на прадстаўнікоў свецкіх СМІ, будзе мець назву “Этыка ў сучасных мас-медыя.” Другі, з удзелам святароў і прадстаўнікоў рэлігійных СМІ, будзе накіраваны на заахвочванне і дзяленне досведам выкарыстання мас-медыя.

“Я спадзяюся, што гэты візіт будзе вельмі важным асабліва для інтэнсіфікацыі выкарыстання мас-медыя ў пастырскай дзейнасці”- адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У дні прабывання госця ў Беларусі запланавана таксама св. Імша ў Нясвіжы, 14 мая. Завершыцца візіт Эўхарыстыяй ў мінскай архікатэдры 15 мая.

Уладзіслаў Валадзько, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.