2011-03-11 13:56:08

Кардынал Уэлле пра кнігу Папы: узнікае жаданне весці дыялог з Тым, аб якім аўтар апавядае


RealAudioMP3 “Другі том “Езуса з Назарэта” гэта нешта большае чым кніга – гэта тое, што ўзрушвае, натхняе, вызваляе”, - сказаў аб новай кнізе Бэнэдыкта XVI прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэлле.

На думку іерарха, пасля прачытання гэтай кнігі у чалавека ўзнікае жаданне працягваць дыялог не толькі з аўтарам, але і з Тым, аб якім аўтар апавядае. “Мэтай Святога Айца з’яўляецца ісці надалей у сваіх разважаннях, не толькі звяртаючыся да вынікаў даследванняў навукоўцаў, але адначасова захоўваючы вернасць Святому Духу, які з’яўляецца мерай глыбіні Бога ў Святым Пісанні”, - адзначыў кардынал Уэлле.

Іерарх, прэзентуючы ў Ватыкане новую кнігу Папы, адзначыў, што “Ёзэф Ратцынгер ад самага пачатку сваёй фармацыі і свайго навучання прысвяціў шмат увагі гістарычным фундаментам хрысціянства. Сведчанне гэтаму можна знайсці ва ўводзінах да кнігі. Пантыфік звяртае ўвагу на месіянскае значэнне Хрыста. Гэта не адпавядае меркаванню, паводле якога Хрыстус быў рэвалюцыянерам, настаўнікам маральнасці, эсхаталагічным прарокам, ідэалістычным рабінам ці Божым вар’ятам”.

“Езус сказаў перад сінэдрыёнам, што з’яўляецца месіяй, але яго месіянізм мае выключна рэлігійны характар. Святы Айцец вельмі ясна адлюстроўвае каралеўскае і святарскае вымярэнне гэтага месіянізму, мэтай якога было ўсталяванне новага культу – праслаўлення ў Духу і Праўдзе”, - дадаў іерарх.

“Ключавымі элементамі, на якія звяртае ўвагу Папа ў сваёй кнізе, - паводле кардынала Уэлле - з’яўляюцца: адкупленне, святарства Хрыста і ўваскрасенне, і, перш за ўсё, іх гістарычнае значэнне. У главе прысвечанай Апошняй вячэры, Пантыфік нагадвае, што ўстанаўленне Эўхарыстыі азначала заснаванне Касцёла. Кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у нядзельнай св. Імшы мы выходзім на спатканне з Уваскрослым, які звяртаецца да нас з надзеяй, што мы дадзём сведчанне таго, што Ён жыве”, - сказаў прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў прэзентуючы ў Ватыкане новую кнігу Святога Айца.







All the contents on this site are copyrighted ©.