2011-03-11 14:41:17

Кардынал П’ячэнца: ніякіх паспешлівых рэформаў з-за адсутнасці святароў


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства кардынал Маўра П’ячэнца, выступіў супраць паспешлівых рэформаў ў Касцёле ў адказ на недахоп святароў у некаторых рэгіёнах. “Дэфіцыт святароў – гэта рэальнасць, якая робіць пастырскую дзейнасць Касцёла цяжкай”, - заявіў 11 сакавіка іерарх, словы якога цытуе нямецкае агенцтва “KNA”. Аднак, часта не робіцца нічога больш за "гістарычна-сацыялагічны аналіз” або праекты "фальшыва разуметай рэформы, якая аблічча Касцёла, што павінна адпавядаць волі Езуса Хрыста, па сутнасці, проста знявечыла”. Кардынал П'ячэнца звярнуў увагу на тое, што агульная колькасць святароў у Каталіцкім Касцёле расце.

Што тычыцца спрэчак па пытанні аб допуску да святарства так званых "Viri probati", ватыканскі іерарх заклікаў да здаровага падыходу. Касцёл – гэта не фірма. Таму неабходна "вельмі старанна сачыць за тым, каб не выкарыстоўваць тыя лекі, якія робяць толькі уражанне, што лечаць, але ў рэальнасці, замест лячэння, узмацняюць праявы хваробы".

Што тычыцца дыягназу адносна недахопу святароў у Еўропе, поводле ватыканскага іерарха, трэба спачатку задаць пытанне: "Ці не існуе недахопу з боку вернікаў: недахопу веры, малітвы і пачуцця боскага". Гэта "сапраўды важны момант", які павінен быць прызнаны ўсімі, заўважыў кардынал П'ячэнца.

Іерарх звярнуўся да тэмы нямецкамоўных краін, у каталіцкіх супольнасцях якіх, паводле яго, усё яшчэ шмат рэсурсаў, "магчыма, больш, чым гэта прынята лічыць". Гэта "простыя людзі, тыя, хто проста і сумленна жыве сваёй верай", - адзначыў Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства.







All the contents on this site are copyrighted ©.