2011-03-10 14:35:26

Далай-лама адмовіўся ад статусу палітычнага лідэра Тыбета


RealAudioMP3 Духоўны лідэр тыбетцаў Далай-лама прыняў рашэнне адмовіцца ад свайго палітычнага статусу і перадаць паўнамоцтвы старэйшаму міністру ўрада ў выгнанні, паведамляе “The Los Angeles Times”. Па звестках іншага выдання, “The Guardian”, для гэтага ён папрасіў ўнесці адпаведныя змены ў "Хартыю тыбетцаў у выгнанні", якая выконвае функцыю канстытуцыі.

Сваю заяву Далай-лама зрабіў 10 сакавіка у індыйскім горадзе Дхарамсала, дзе месціцца тыбецкі ўрад у выгнанні. У сваёй прамове лідэр тыбетцаў даў зразумець, што званне духоўнага лідэра ён захавае. "Мой намер перадаць уладу не мае нічога агульнага з жаданнем пазбегнуць адказнасці", - заявіў ён.

Як піша “The Guardian”, выступленне Далай-ламы было прымеркавана да гадавіны паўстання, якое адбылося ў Тыбеце ў 1959 годзе. Пасля яго тыбецкі лідэр быў вымушаны пакінуць краіну і адправіцца ў выгнанне. Акрамя таго, заява прагучала напярэдадні выбараў новага старэйшага міністра ўрада ў выгнанні, якія павінны адбыцца на наступным тыдні.







All the contents on this site are copyrighted ©.