2011-03-09 11:20:51

Ідэнтыфікаваны “біблейскі” колер


RealAudioMP3 На знойдзеным ізраільскімі археолагамі фрагменце тканіны, якому ўжо больш за дзве тысячы гадоў, навукоўцам атрымалася ідэнтыфікаваць знакаміты блакітны колер, называны ў Святым Пісанні словам “тэхелет”. Адкрыццё належыць ізраільскаму навукоўцу Цві К. Корэну, які спецыялізуецца на хімічным аналізе старажытных фарбавальнікаў.

Фрагмент афарбаванай тканіны быў знойдзены ў Масадзе, старажытнай яўрэйскай крэпасці ў Юдэйскай пустыні, якая ў часы зямнога жыцця Хрыста была рэзідэнцыяй цара Юдэі Ірада.

Аказалася, што адценне колеру на знойдзенай тканіне на самай справе не такое насычана блакітнае, як лічылася дагэтуль. У гутарцы з карэспандэнтам газеты “Нью-Ёрк Таймс” Цві К. Корэн адзначыў, што адценне “тэхелет” у рэальнасці нагадвае колер індыга, які атрымліваецца пры спалучэнні блакітнага і пурпурнага.

Навукоўцы даўно задумваліся над тым, якім была біблейская фарба “тэхелет”, якая прымянялася пры вырабе адзення для старазапаветных святароў, што служылі пры скініі, і элементаў малітоўных накідак ізраільцян. Было даказана, што гэты незвычайны фарбавальнік атрымлівалі з марскіх слімакоў. Да гэтага часу, колер “тэхелет” атаясамлялі з чыста блакітным, які павінен быў сімвалізаваць неба і нагадваць ізраільцянам пра Бога.

Некаторыя даследчыкі, аднак, лічаць, што паняццем “тэхелет” у Святым Пісанні пазначалі абодва колеры - і блакітны, і пурпурны.







All the contents on this site are copyrighted ©.