9 сакавіка, у Папяльцовую
сераду, у Рыме адбылася малітва ў форме рымскіх “Стацый”, якую ўзначаліў Святы Айцец
Бэнэдыкт XVI. Набажэнства распачалося малітвай у рымскім касцёле св. Анзэльма на Авенцінскім
пагорку, ад якога вырушыла пакутная працэсія да базылікі св. Сабіны.
У працэсіі
прынялі ўдзел кардыналы, арцыбіскупы, біскупы, бэнэдыктынцы з рымскай правінцыі св.
Анзэльма, а таксама дамінікане з рымскай правінцыі св. Сабіны, а таксама вернікі.
На
заканчэнне працэсіі, у базыліцы св. Сабіны адбылася св. Імша з абрадам пасыпання галавы
попелам. Падчас яе Святы Айцец скіраваў да прысцтных сваю гамілію. Папа засяродзіўся
на трох складаючых Вялікага посту: міласціне, малітве і посце. Пантыфік нагадаў, што
Езус падкрэсліваў у гэтых трох справах міласэрнасці агульную спакусу. “Калі вы робіце
нешта добрае, амаль інстыктыўна прыходзіць жаданне атрымаць павагу і захапленне ў
замен за гэтыя справы, каб мець задавальненне” - сказаў Бэнэдыкт XVI. Такі падыход
цалкам накіраваны на тое, што іншыя думаюць пра нас, і што іншых захапляе ў нас.
“Пан
Езус не патрабуе фармальнага выканання закона, (...) - адзначыў Пантыфік - але прапануе
нанава адкрыць для сябе гэтыя тры справы пабожнасці больш глыбока”. “Міласціна, пост
і малітва: гэта шлях чароўнай педагогікі, якая суправаджае нас не толькі падчас Вялікага
посту, на шляху сустрэчы з уваскрослым Панам; на шляху без хвальбы, а ўсведамлення
таго, што Нябесны Айцец чытае і бачыць у таямніцы нашага сэрца” - сказаў Папа.
“Сорак
дзён аддзяляюць нас ад Вялікадня; гэты "моцны" час літургічнага года, час спрыяльны,
калі нам належыць працаваць з большай руплівасцю для нашага навяртання, дзякуючы больш
уважліваму слуханню Божага Слова, малітве і пакаянню” - сказаў Святы Айцец у базыліцы
св. Сабіны на распачацце Вялікага посту.