2011-03-08 16:34:31

"Homo caritatis". Прынцып салідарнасці


RealAudioMP3 Некалькі тыдняў таму мы пачалі размову аб фундаментах сацыяльнага навучання Касцёла, г.зн., аб тых прынцыпах, якія не змяняюцца насуперак гістарычным пераменам. Касцёл застаецца ім верны, і праз іх глядзіць на стан грамадстваў і развіццё чалавецтва. Мы паразмаўлялі аб прынцыпах: годнасці чалавека, супольнага дабра, а таксама субсідыярнасці. Нарэшце, сёння размова пойдзе аб апошнім з фундаментаў сацыяльнага навучання – прынцыпе салідарнасці.

Леў ХІІІ казаў аб гэтым прынцыпе як аб “сяброўстве”, Пій ХІ ужываў паняцце “сацыяльная міласэрнасць”, Павел VI пісаў аб “цывілізацыі любові”.

На салідарнасць можна паглядзець з двух бакоў. З аднаго, яна датычыць сацыяльнага парадку, а з іншага закранае асабістыя якасці чалавека.
Што тычыцца сацыяльнага парадку, то прынцып салідарнасці з’яўляецца асновай грамадскага жыцця. Такой асновай, на фундаменце якой павінны дзейнічаць усе інстытуты. Кампендыўм сацыяльнага навучання кажа аб тым, што на базе салідарнасці, стуктуры, “якія кіруюць адносінамі паміж людзьмі і народамі, павінны быць пераўтвораны ў структуры салідарнасці, праз стварэнне і належную мадыфікацыю законаў, у тым ліку законаў рынку і прававых сістэмаў”.

З іншага боку салідарнасць, з’яўляецца маральнай цнотай. Ян Павел ІІ ў сваёй энцыкліцы “Sollicitudo rei socialis” (“Клопат аб грамадскіх справах”) пісаў, што “салідарнасць не з’яўляецца смутным спачуваннем ці павярхоўным шкадаваннем пры поглядзе на няшчасці людзей, блізкіх ці далёкіх. Зусім не так: гэта цвёрдая і рашучая ўпэўненасць у імкненні да агульнага дабра, г.зн., да дабра ўсіх і кожнага, каб усе былі па-сапраўднаму адказнымі адзін за аднаго”. Вось дзе знаходзіцца корань салідарнасці – “быць па-сапраўднаму адказным адзін да аднаго”.

У наш час, дамінуючага эгаізму, самотнасці, індывідуалізму, мы забываемся аб узаемазалежнасці адзін ад аднаго. Гэта датычыць не толькі патрэбаў нашага матэрыяльнага жыцця, а нават глыбей – патрэбаў нашага духоўнага жыцця, нашага ўнутранага росту, нашага збаўлення.

Паспрабуем пашукаць карані прынцыпу салідарнасці ў прыродзе чалавека. Сацыяльны характар чалавечай натуры робіць яго адкрытым на іншых людзей. Чалавек павінен паглыбляць свае адносіны з іншымі для таго, каб дасягнуць сваёй дасканаласці. Недахоп адносінаў перашкаджае чалавечаму развіццю. Без кантакту з іншымі, чалавек не развіваецца – ён дэградуе.

Што мы маем на ўвазе калі кажам, што кантакт з іншымі людзьмі дапамагае чалавеку развівацца? Перш за ўсё, гаворка ідзе аб тым, што ў гэтым кантакце чалавек павінен развіваць свае самыя шляхетныя якасці, такія як любоў, бескарыснасць, ахвярнасць, павагу да іншых. Усе гэтыя якасці можна развіць толькі ў супольнасці, толькі жывучы і працуючы разам з іншымі.

Салідарнасць у такім кантэксце разумеецца як “імкненне да дабра бліжняга з гатоўнасцю, у евангельскім сэнсе, “згубіць сваё жыццё” дзеля бліжняга, замест таго каб выкарыстоўваць яго і “служыць” яму, замест таго, каб прыгнятаць яго дзеля ўласнай карысці”.

Такім чынам, салідарнасць адкрывае нам дарогу да Неба, указвае нам на магчымасці, праз якія мы можам дасягнуць сваёй дасканаласці ў паяднанні з Богам. Такой дарогай з’яўляецца служэнне, клопат, дапамога бліжняму і далёкаму. Любому, хто апынуўся ў бядзе, хто пакутуе ад хваробаў, хто не мае магчымасцяў, якія маем мы.

Вяршыня, да якой вядзе гэтая перспектыва – гэта жыццё Езуса Хрыста, новага Чалавека, салідарнага з усім чалавецтвам аж да “смерці крыжовай”. У ім і дзякуючы Яму мы можам убачыць, што і сацыяльнае жыццё, нават са сваімі супрацьлегласцямі і двухсэнсоўнасцямі, уяўляе сабой прастору для жыцця і надзеі.

Езус з Назарэту паказвае ўсім людзям сувязь паміж салідарнасцю і любоўю і адкрывае значэнне гэтай сувязі: “У святле веры салідарнасць імкнецца пераўзыйсці саму сябе, увайсці ў спецыфічныя хрысціянскія вымярэнні поўнай бескарыснасці, прабачэння і прымірэння. Тады твой бліжні становіцца жывым вобразам Бога Айца, адкупленым крывёю Езуса Хрыста. Таму яго трэба любіць, нават калі ён твой вораг, такой любоўю, якой любіць яго Пан; дзеля яго трэба прынесці нават самую дарагую ахвяру: “Аддаць жыццё за братоў”.
Сябры, мы ніколі не будзем мець шчасця і трываць у супакоі без іншых людзей, тым больш, знаходзячыся ў апазіцыі да іншых. Паспрабуем убачыць у іх перш за ўсё пазітыўнае, прыняць гэта і ацаніць як Божы дар, “беручы цяжар іншых” і адкідваючы эгаістычныя спробы, якія нас заўсёды заманьваюць у пастку. А потым скіраваць свае намаганні на тое, каб праз салідарнасць, разам дасягнуць самой галоўнай мэты свайго жыцця.

Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.