2011-03-07 12:16:58

Аўстралія: менш святароў, больш вернікаў


RealAudioMP3 У Аўстраліі, адзін святар, з улікам пенсіянераў, прыпадае на 1895 вернікаў. Аб гэтым сведчаць апошнія вынікі статыстычнага аналізу, які датычыць каталіцкага душпастырства на гэтым кантыненце. Для параўнання, у 1966 г. адзін святар прыпадаў на 518 аўстралійскіх католікаў. Даследаванне паказвае, што сітуацыя пагаршаецца.

Аўтар дакладу пад назвай "Каталіцкае душпастырства ў парафіях Аўстраліі. Перад тварам катастрофы" Пітар Уілкінсан, навуковы супрацоўнік Аўстралійскага інстытута па справах этнічных груп. З дадзеных, сабраных ім, вынікае, што калі колькасць пакліканняў да святарства будзе заставацца на тым жа ўзроўні, праз 15 гадоў напрыклад у Новым Паўднёвым Уэльсе адзін святар будзе прыпадаць на 22 тысячы католікаў, а ў штаце Вікторыя, адзін на 13 тысяч вернікаў.

Між тым, колькасць католікаў, якія пражываюць у Аўстраліі няўхільна расце, што тлумачыцца галоўным чынам вялікай колькасцю эмігрантаў, якія прыязджаюць сюды. У 2010 г., паводле дадзеных Аўстралійскага бюро статыстыкі, на кантыненце было 5,6 млн. каталіцкіх вернікаў – на 470 тыс. больш чым у 2006 г.

У дакладзе сказана, што адна чвэрць аўстралійскіх каталіцкіх парафій не мае святара на поўную стаўку. Каб вырашыць праблему, многія супольнасці аб'ядноўваюцца, а аўстралійскі епіскапат запрашае святароў з-за мяжы. Большасць з іх паходзіць з Індыі, Філіпін і Нігерыі. Многім з іх вельмі цяжка зносіць цяжкасці, звязаныя з прыняццем культурных адрозненняў, і яны вельмі рэдка цалкам асімілююцца ў аўстралійскую культуру і традыцыю.







All the contents on this site are copyrighted ©.