2011-03-06 14:08:09

Бэнэдыкт XVI: Божае Слова – каштоўная дапамога ў барацьбе з павярхоўнай актыўнасцю


RealAudioMP3 Да веры ў Божае Слова, заклікаў 6 сакавіка, перад малітвай “Анёл Панскі”, Бэнэдыкт XVI. Свае разважанні Пантыфік прысвяціў навучанню Езуса і важнасці даверу Богу, які з'яўляецца трывалым падмуркам для пабудовы жыцця.

"Дарагія браты і сёстры!

Евангелле сённяшняй нядзелі прадстаўляе заключэнне нагорнага казання, у якім Пан Езус праз прыпавесць пра два дамы, з якіх адзін быў пабудаваны на скале, а другі - на пяску, настойліва заклікае вучняў да слухання Яго словаў і ператварэння іх у практыку (пар. Мц 7, 24). Такім чынам, ён змяшчае вучня і яго шлях веры на гарызонце Запавету, які ўключае ў сябе саюз, што заключае Бог з чалавекам праз дар свайго Слова, уваходзячы ў лучнасць з ім. Гэта пацвярджае Другі Ватыканскі Сабор: "У гэтым Аб’яўленні нябачны Бог (…) у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей, як да сяброў (...), і гаворыць з імі (...)" (“Dei Verbum”, 2). У гэтай канцэпцыі, кожны чалавек разглядаецца як адрасат Слова, заахвочаны і закліканы да ўключэння ў дыялог любові, даючы свабодны адказ" ("Verbum Domini", 22). Езус з’яўляецца жывым Словам Бога. Калі Ён вучыў, людзі бачылі у Яго словах Боскую ўладу, адчувалі блізкасць Пана, Яго міласэрную любоў, і аддавалі славу Богу. У любы час і ў любым месцы, той, хто мае ласку пазнання Езуса, асабліва, чытаючы святое Евангелле, не можа ім не захапляцца і не пагадзіцца, што сваім прапаведваннем, сваімі справамі і ў сваёй Асобе, Ён адкрывае нам сапраўднае аблічча Бога, а таксама дазваляе нам самім адчуць, што мы дзеці Айца Нябеснага, паказваючы трывалую аснову, на якой мы можам будаваць нашае жыццё.

Але часта чалавек не будуе сваіх учынкаў, сваго існавання на гэтай ідэнтычнасці, і аддае перавагу пяску ідэалогіі, улады, поспеху і грошай, спадзеючыся знайсці там стабільнасць і рэалізацыю пастаяннай смагі шчасця і поўні, якую носіць у сваёй душы. А мы, на чым хочам будаваць нашае жыццё? Хто можа па-сапраўднаму адказаць на заклапочанасць чалавечага сэрца? Хрыстус з’яўляецца скалой нашага жыцця! Ён з’яўляецца Словам вечным і канчатковым, якое не дазвоць, каб мы баяліся праблем, цяжкасцяў і клопатаў (пар. “Verbum Domini”, 10). Няхай Божае Слова праймае ўсё наша жыццё, думкі і дзеянні, так, як аб гэтым кажа першае чытанне сённяшняй літургіі, узятае з кнігі Другазаконня: "Пакладзіце гэтыя мае словы ў сваё сэрца і ў сваю душу. Няхай яны будуць павязкаю паміж вачыма вашымі"( Дрг 11,18).

Дарагія браты, я заклікаю вас рабіць кожны дзень месца для Божага Слова, каб карміць сябе ім і ўвесь час яго разважаць. Гэта таксама каштоўная дапамога ў барацьбе з павярхоўнай актыўнасцю, якая можа часова задаволіць пачуццё гонару, але ў канчатковым рахунку пакідае ў нас пустату і нерэалізаванасць.

Будзем прасіць дапамогу ў Панны Марыі, існаванне якой было адзначана вернасцю Божаму Слову. Будзем разважаць Яе падчас Звеставання, ля падножжа Крыжа, а цяпер, як тую, якая ўдзельнічае ў славе ўваскрослага Хрыста. Як яна, пацвердзім наша "так" і даручым з даверам Богу наш шлях".







All the contents on this site are copyrighted ©.