2011-03-06 13:06:02

Бэнэдыкт XVI аб сітуацыі ў Лівіі


RealAudioMP3 Пасля сённяшняй малітвы “Анёл Панскі”, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з заклікам абароны рэлігійнай свабоды ўсіх людзей, і запэўненнем у малітве за ахвяры крывавых падзей ў Лівіі. Папа таксама ўзгадаў, нядаўна забітага ў Пакістане, Шахбаза Бхаці, католіка, міністра па справах рэлігійных меншасцяў.

"Пастаянна і з вялікім заклапочаннем назіраю за напружанасцю, якая ў гэтыя дні мае месца ў розных краінах Афрыкі і Азіі", - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Успамінаючы, забітага 2 сакавіка талібамі, міністра па справах рэлігійных меншасцяў Пакістана, Пантыфік сказаў: "Прашу Пана Езуса, каб узрушаючая ахвяра жыцця пакістанскага міністра Шахбаза Бхаці абудзіла ў сумленнях мужнасць і прыхільнасць справе абароны рэлігійнай свабоды ўсіх людзей, і тым самым паспрыяла іх роўнай годнасці".

Звяртаючыся да сітуацыі ў Лівіі, дзе нядаўнія сутыкненні прывялі да шматлікіх ахвяраў і абвастрэння гуманітарнага крызісу, Папа сказаў, што "ўсіх ахвяраў і тых, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, запэўніваю ў маёй малітве і блізкасці". Ён заклікаў да дапамогі і падтрымкі людзей, якія пацярпелі ад гэтых падзей.







All the contents on this site are copyrighted ©.