2011-03-05 11:04:01

“Octava dies”. Мусульманін і хрысціянін


RealAudioMP3 Сённяшняя штотыднёвая рубрыка дырэктара Ватыканскага радыё кс. Фэдэрыко Ламбардзі называецца “Мусульманін і хрысціянін”. Яна прысвечана Сальману Тасіру, губернатару пакістанскай правінцыі Пенджаб, і Шахбазу Бхаті, міністру па справах меншасцяў Пакістана.

“Абодва былі забіты з адной і той жа прычыны: таму што супрацьстаялі закону аб блюзнерстве. Закону, які сам па сабе з’яўляецца блюзнерствам, бо згодна з ім імя Бога становіцца прычынай несправядлівасці і смерці”, - піша кс. Ламбардзі. “Адзін з гэтых забітых быў мусульманінам, а другі хрысціянінам. Яна абодва добра ведалі, што рызыкуюць уласным жыццём, бо атрымлівалі шматлікія пагрозы аб пакаранні смерцю. Аднак, яны не спынілі сваю барацьбу за рэлігійную свабоду, супраць рэлігійнага фанатызму і заплацілі самым дарагім – уласнай крывёю”, - адзначае дырэктар Ватыканскага радыё.

Кс. Ламбардзі нагадвае, што ў студзені 2011 г., Святы Айцец, казаў аб рэлігійнай свабодзе, выступаючы перад прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы. У той прамове Пантыфік адзначыў каштоўнасць гераічнай ахвяры мусульманіна Тасіра.

Некалькі тыдняў таму Бхаті казаў: “Маліцеся за мяне. Я чалавек, які спаліў усе масты за сабой. Я не магу і не хачу адступаць. Я буду змагацца з экстрэмізмам дзеля абароны хрысціянаў аж да смерці”. “Сёння яго постаць ужо ўзвышаецца, як прыклад і сведчанне веры і справядлівасці”, - адзначыў кс.Ламбардзі.

“Неглядзячы на тое, што забойствы гэтых людзей прынеслі страх для многіх хрысціянаў, у той жа час, яны становяцца крыніцай надзеі, таму што злучаюць кроўю мусульманаў і хрысціянаў перад адной праблемай. Гэта ўжо не проста дыялог аб сумесных дзеяннях дзеля дабра людзей. Гэта сведчанне смерцю, коштам уласнай крыві, каб імя Бога не стала прыладай несправядлівасці”, - гаворыць кс.Ламбардзі.

Напрыканцы свайго разважання дырэктар Ватыканскага радыё звяртаецца з заклікам: “У памяць аб Тасіру і Бхаті, з удзячнасці за іх жыццё і смерць, сапраўдныя вернікі працягнуць змагацца, а калі трэба і паміраць, за рэлігійную свабоду, за справядлівасць і за мір. Які прыклад можа быць больш натхняючым, каб ісці разам да Асізі?”







All the contents on this site are copyrighted ©.