2011-03-05 12:52:49

Значныя падзеі за мяжой для беларускіх католікаў


RealAudioMP3 У бягучым годзе за межамі Беларусі адбудзецца шэраг важных і значных падзей для беларускіх католікаў. Перш за ўсё – гэта беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла другога, якая адбудзецца 1 мая ў Ватыкане. Папа Ян Павел ІІ заўсёды моцна жадаў наведаць нашу краіну, але гэтаму, на жаль, не ўдалося здейсніцца. У апошнія дні свайго жыцця, звяртаючыся да вернікаў з акна Апостальскага Палаца, Папа казаў: “Я заўсёды шукаў вас, а цяпер вы прыйшлі да мяне”, і ў доказ гэтага беларусы сёлета накіруюцца ў Ватыкан на ўрычыстую цэрымонію беатыфікацыі Слугі Божага.

Пілігрымка ў Рым будзе арганізавана з Віцебскай, Гродненскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцзіі. Галоўным арганізатарам пілігрымкі з Мінска з’яўляецца пробашч архікатэдральнага касцёла ксёндз Антоній Клімантовіч, які паведаміў, што “збіраецца паехаць шмат вернікаў. Таксама падчас пілігрымкі плануецца наведаць шэраг святых месцаў – Чэнстахова, Кальварыя Зэбжыдоўская, Падуя, Асыж. Пасля ўрачыстасці запланавана св. Імша падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла II для ўсіх пілігрымаў з Беларусі. Імшу ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч”. Св. Імша адбудзецца 1 мая ў рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore ў 16.00 гадзін.

Другой доўгачанай падзеяй стане ўсталяванне у святыні Pater Noster, што на Святой Зямлі, дошкі з тэкстам малітвы “Ойча наш” на беларускай мове. У гэтым касцёле, пабудаваным, як кажа традыцыя, на месцы дзе Езус навучыў сваіх вучняў малітве “Ойча Наш”, на сценах святыні змешчаны адмысловыя дошкі з тэкстам гэтай малітвы на больш чым 70 мовах свету. Традыцыя ўсталявання такіх дошак падкрэслівае роўнасць для Бога ўсіх моваў, на якіх чалавек звяртаецца да Яго.

Падчас мінулагодняй пілігрымкі ў Святую Зямлю была дасягнута дамоўленасць аб усталяванні дошкі з малітвай “Ойча Наш” і на беларускай мове. На сённяші дзень ужо вырашыны ўсе арганізацыйныя справы і ідзе яе выраб у Святой Зямлі. “Ідэя ўсталявання такой дошкі належыць арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Вельмі моцна спрычыніўся і аказаў вялікую падтрымку ў арганізацыі ўсталявання і прац па вырабу дошкі пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь. Я вельмі ўдзячны спадару паслу за гэта” – сказаў кс. Антоні Клімантовіч. Усталяванне і асвячэнне дошкі адбудзецца падчас пілігрымкі беларускіх святароў і вернікаў у Ізраіль 24 кастрычніка 2011 г.

Уладзіслаў Валадзько, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.