2011-03-04 12:57:57

Егіпет: Копты пратэстуюць супраць рашэння губернатара


RealAudioMP3 Звыш 10 тысяч коптаў выйшла на дэманстрацыю пратэсту на вуліцы правінцыяльнага цэнтра Мінія, у 250 кіламетрах на поўдзень ад Каіра. Удзельнікі акцыі запатрабавалі адстаўкі мясцовага губернатара Ахмеда Дзія-эль-Дзіна пасля таго, як ён загадаў разбурыць дабрачынны цэнтр для інвалідаў у вёсцы Дэір-Барша, які належыць Копцкай Царкве, паведамляе "AsiaNews".

Па заканчэнні дэманстрацыі больш за 200 коптаў адмовіліся пакінуць цэнтр для інвалідаў, і арганізавалі ў яго будынку бесперапынную сядзячую забастоўку. Копты заявілі, што не пакінуць будынку да таго часу, пакуль загад аб зносе цэнтра не будзе адменены.

Пяціпавярховы будынак цэнтра для інвалідаў належыць копцкай епархіі Маллаві. Цэнтр займаецца дабрачыннай працай, прадметам якой з'яўляюцца пажылыя людзі і дзеці з 75 навакольных вёсак правінцыі Мінія.

Губернатар аддаў загад знішчыць будынак цэнтра ў студзені 2011 г., але ён не быў выкананы з-за хвалі незадаволенасці і дэманстрацый пратэсту, якія прайшлі па ўсім Егіпце пасля крывавага тэракту ў дачыненні да копцкай парафіі ў Александрыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.