2011-03-02 11:30:18

Пакістан: забіты міністр меншасцяў


RealAudioMP3 У Ісламабадзе 2 сакавіка быў забіты пакістанскі міністр па справах меншасцяў, 42-гадовы Шахбаз Бхаці. Ён быў хрысціянінам, праціўнікам "закону аб блюзнерстве", які прадугледжвае драконаўскія меры, уключаючы смяротнае пакаранне за абразу пачуццяў мусульманскай большасці. Ён неаднаразова выкарыстоўваўся для пераследу рэлігійных меншасцяў у Пакістане.

Напад на міністра адбыўся ў цэнтры Ісламабада, калі палітык накіроўвася на працу. Хоць ён атрымліваў пагрозы з боку талібаў, улады не прадастаўлялі яму неабходнай абароны. Да аўтамабіля міністра на матацыклах пад'ехалі трое ўзброеных мужчын і абстралялі яго. Бхаці атрымаў сур’ёзныя раны і загінуў. Яго кіроўца застаўся жывы.

Шахбаз Бхаці быў першым у гісторыі Пакістана хрысціянінам на пасадзе федэральнага міністра. Ён належаў да створанага ў 1985 г. Пакістанскага альянсу меншасцяў. Знаходзячыся на пасадзе міністра па справах рэлігійных меншасцяў, актыўна абараняў правы паслядоўнікаў неісламскіх рэлігій, у тым ліку хрысціянаў.

Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі сказаў, што забойства пакістанскага міністра, з'яўляецца новым фактам велізарнай сілы пераследу. Гэта паказвае, - сказаў ён - наколькі важнымі з’яўляюцца намаганні Папы спыніць гвалт у дачыненні да хрысціянаў і да рэлігійнай свабоды ў цэлым.

Трэба нагадаць, што менш чым два месяцы таму, 4 студзеня, у пакістанскай правінцыі Пенджаб, быў забіты губернатар Салман Тасэра, які імкнуўся вызваліць Асію Бібі, хрысціянску прысуджаную да пакарання смерцю за абарону веры. У губернатара стрэліў адзін з яго целаахоўнікаў у цэнтры Ісламабада.







All the contents on this site are copyrighted ©.