2011-03-02 13:08:05

Няма рашэння аб скліканні агульнаправаслаўнага Сабора


RealAudioMP3 Як паведамляе сёняшнее выданне “L’Osservatore Romano”, падрыхтоўчая камісія па скліканні Вялікага агульнаправаслаўнага сабора, якая збіралася ў швейцарскім Шамбэзі, не прыняла канчатковага рашэння ні ў пытанні прызнання аўтакефаліі, ні ў пытанні дыпціхаў (спісу іерархаў, якія ўзгадваюцца падчас літургіі).

У паведамленні на заканчэнне сустрэчы паведамляецца, што камітэт “разглядаў пытанне аб аўтакефаліі, якое не было вырашана на папярэдняй сустрэчы”, але пасля доўгай дыскусіі “не было прынята аднагалоснага рашэння”.

Не было кансенсусу таксама па пытанні дыпціхаў. Камітэт абмеркаваў розныя кананічныя і эклезіялагічныя аспекты праблемы і выказаў меркаванне, што “неабходна ўстанавіць на будучыню адзіныя дыпціхі, якія паказвалі б бачнае адзінства Праваслаўнай Царквы”.

Удзельнікі сустрэчы, прадстаўнікі 14 аўтакефальных Праваслаўных Цэркаў, апісалі крытэрыі, якія рэгулююць упісанне і месца Царквы ў дыпціхах.
Паведамляецца, што існуе неабходнасць далейшых сустрэч падрыхтоўчай Камісіі, бо ў Шамбэзі так і не была вызначана дата і месца правядзення Вялікага агульнаправаслаўнага сабора.







All the contents on this site are copyrighted ©.