2011-03-02 14:19:33

Дзяржсакратар ЗША занепакоена бяспекай хрысціянаў у краінах Афрыкі і Азіі


RealAudioMP3 Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан занепакоена бяспекай прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў у краінах Афрыкі і Азіі. Свае асцярогі з гэтай нагоды яна выказала ў ходзе праведзеных напярэдадні слуханняў у амерыканскім Кангрэсе.

"Па-за усялякім сумневам, хрысціяне і іншыя рэлігійныя меншасці жывуць пад ціскам у краінах ад Паўночнай Афрыкі да Паўднёвай Азіі, яны не адчуваюць сябе ў бяспецы, а таму пакідаюць родныя месцы", - сказала кіраўнік амерыканскай дыпламатыі. Яна выказала перакананне ў тым, што Злучаныя Штаты павінны рабіць больш для забеспячэння правоў прадстаўнікоў розных рэлігій, якія падвяргаюцца ўціскам.

Як паведамляе “ИТАР-ТАСС”, Клінтан выказала "глыбокія асцярогі з нагоды таго, што адбылося з хрысціянамі ў Іраку і Егіпце", маючы на ўвазе тэракты ў храмах у Багдадзе ў кастрычніку мінулага года і ў Александрыі 1 студзеня гэтага году. У выніку двух выбухаў загінула амаль 100 асобаў.

Дзяржсакратар таксама нагадала аб нядаўніх акцыях пратэсту ў Егіпце, дзе, па яе словах, на каірскай плошчы “Тахрыр” хрысціяне-копты і мусульмане знаходзіліся разам. Яна выказала "надзею на тое, што так будзе і надалей", і заклікала "зрабіць усё магчымае", каб пазбегнуць "выгнання рэлігійных меншасцяў" з краін рэгіёну.







All the contents on this site are copyrighted ©.