2011-03-02 15:08:07

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: любіць Бога і, не патрабаваць нічога ўзамен


RealAudioMP3 “Бог – гэта Бог чалавечага сэрца”, гэтымі словамі св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла, Бэнэдыкт XVI пачаў сённяшнюю катэхезу падчас сваёй агульнай аўдыенцыі. У катэхезе прысвечанай гэтаму французскаму святому XVI стагодзя, Пантыфік звярнуў увагу на яго духоўны шлях і на актуальнасць яго спадчыны ў наш час.

Бэнэдыкт XVI распавёў аб тым, як яшчэ ў маладыя гады, Францішак Сальскі разважаў над ідэямі св. Аўгустына і св. Тамаша з Аквіну, шукаючы адказу на пытанні, якія датычылі разумення ўласнага збаўлення і прадвызначэння. Яны былі найбольш дыскутаванымі тэалагічныя праблемамі таго часу. Францішак шмат маліўся, але сумневы не пакідалі яго. Ён так моцна перажываў, што на працягу некалькіх тыдняў не мог есці і спаць.

“Нарэшце, у дваццацігадовым узросце ён знайшоў супакой у радыкальнай і вызваляючай любові да Бога: “любіць Яго і, не патрабуючы нічога ўзамен, давяраць Яго любові; не пытацца больш аб тым, што Бог зробіць са мной: я люблю Яго проста, незалежна ад таго, колькі ён мне дасць ці не дасць”. Так ён знайшоў супакой, і адказ на пытанне аб прадвызначэнні – на тэму якога шмат дыскутавалі ў той час. Ён вырашыў гэтае пытанне для сябе, таму, што не шукаў больш таго, што мог атрымаць ад Бога; ён проста любіў Яго, цалкам аддаўся Яго дабрыні. І гэта стала таямніцай яго жыцця, якая заззяе ў яго галоўнай кнізе: “Трактаце аб Божай любові”.

Пантыфік распавёў аб тым, што Францішак вырашыў стаць святаром, і ў хуткім часе стаў біскупам Жэневы, тагачаснага цэнтру кальвінізму. Будучы доктар Касцёла шмат прапаведваў, пісаў, рабіў і маліўся. У дыялогу з пратэстантамі, ён негледзячы на тэалагічнае супрацьстаянне, заўсёды імкнуўся ўсталяваць прыязныя асабістыя адносіны і праяўляць любоў. Ён аказаў вялікі ўплыў на Еўропу свайго часу: выконваў шматлікія дыпламатычныя місіі і быў пасярэднікам і прымірыцелем у шматлікіх спорах.

“Але, перш за ўсё, ён быў, кіраўніком душаў”, адзначыў Папа. Францішак Сальскі з’яўляецца аўтарам, адной з самых вядомых кніг свайго часу – “Уводзіны ў пабожнае жыццё”. Акрамя таго, ён з’яўляецца заснавальнікам жаночага закону візітак, які характарызуецца поўным самапрысвячэннем Богу, жыццём у прастаце і сціпласці. Францішак Сальскі пісаў: “Я хачу, каб мае дочкі, не мелі іншага ідэалу, акрамя таго, як праслаўляць Бога сваёй сціпласцю”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Жыццё св. Францішка Сальскага было кароткім, але ён пражыў яго вельмі інтэнсіўна. Ад яго асобы паходзіць адчуванне паўнаты, якая праяўляецца ў спакоі характэрным для яго інтэлектуальных пошукаў, а таксама ў багацці эмоцый – “слодыч” яго навучання мела вялікі ўплыў на сумленне хрысціян. У слова “гуманнасць” ён укладаў шмат значэнняў. Сёння, як і ўчора, гэты тэрмін можна разумець, як культуру і ветлівасць, свабоду і пяшчоту, шляхетнасць і салідарнасць”.

Пантыфік дадаў: “У сваёй кнізе “Уводзіны ў пабожнае жыццё”, ён выражае сапраўды рэвалюцыйныя для свайго часу ідэі. Запрашае да поўнай адданасці Богу, тых, хто жыве ў свеце і выконвае свае штодзённыя абавязкі. “Я жадаю натхняць тых, хто жыве ў гарадах, людзей жанатых, тых што жыве пры двары”, пісаў будучы святы. Так нараджаўся заклік да свецкіх, да асвячэння зямных спраў і штодзённага жыцця, аб якім казалася падчас Другога Ватыканскага Сабору і якога патрабуе духоўнасць нашага часу”, - адзначыў Папа.

Пантыфік дадаў: “Чытаючы кнігі і лісты св. Францішка Сальскага, можна ўбачыць, што ён быў сапраўдым знаўцам чалавечага сэрца. У лісце да св. Жана дэ Шанталь, ён заклікаў любіць паслухмянасць больш, чым баяцца яе. “Пакідаю вам дух свабоды, але не той які супрацьстаіць паслухмянасці, таму што гэта свабода гэтага свету, але той, які не ведае гвалту і трывогі”, - пісаў святы.

“У наш час, калі пошук свабоды суправаджаецца гвалтам і трывогамі, не павінна знікнуць навучанне вялікага настаўніка духоўнасці і міру, які, як кульмінацыю свайго навучання аб рэалізме любові, пакінуў сваім вучням “дух свабоды”. Св. Францішак Сальскі з’яўляецца сведкам і прыкладам хрысціянскага гуманізму. Ён сваім сяброўскім стылем, шматлікімі прыкладамі, нагадвае, што чалавек носіць у сабе настальгію па Богу і толькі ў ім можа знайсці сапраўдную радасць і сваю поўную рэалізацыю”, - сказаў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне сваёй катэхезы прамоўленай падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.