2011-03-01 15:05:52

Эрдаган супраць асіміляцыі турак за мяжой


RealAudioMP3 Прэм'ер-міністр Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў сваіх суайчыннікаў, якія жывуць у Германіі, імкнуцца да інтэграцыі ў нямецкае грамадства, аднак пазбягаць асіміляцыі. Ён заявіў аб гэтым на сустрэчы з прадстаўнікамі турэцкай супольнасці ў нямецкім Дзюсельдорфе.

Па словах турэцкага лідэра, нямецкія туркі не павінны забывацца аб сваім паходжанні. Акрамя таго, Эрдаган заклікаў суайчыннікаў у першую чаргу навучаць сваіх дзяцей турэцкай мове і толькі потым - нямецкай.

Таксама ў сваім выступе Эрдаган надаў увагу варожым адносінам у нямецкім грамадстве да туркаў і іншых мусульманаў. Паводле яго слоў, у Германіі, як і ў шэрагу іншых краін Еўропы, назіраецца ксенафобія і ісламафобія. Пры гэтым негатыўнае стаўленне да мусульманаў прэм'ер Турцыі параўнаў з антысемітызмам, назваўшы абедзве праявы “злачынствам супраць чалавечнасці”.

Заявы прэм'ера Турцыі выклікалі незадаволенасць у Берліне. Па дадзеных “The Guardian”, каментуючы выступ Эрдагана, міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле звярнуўся да турэцкай супольнасці з заклікам перш вучыць усё ж не турэцкую, а нямецкую мову.

Туркі ў Германіі складаюць найбуйнейшую этнічную суполку: яе колькасць складае каля 2,5 мільёнаў чалавек. У апошні год адносіны з імі абвастрыліся з-за кнігі былога члена праўлення Бундэсбанка Ціло Сарацына, у якой ён падвергнуў жорсткай крытыцы актыўную міграцыйную палітыку нямецкіх уладаў. Акрамя таго, канцлер краіны Ангела Меркель у канцы 2010 года выступіла з прамовай, у якой афіцыйна прызнала правал спробы пабудаваць у ФРГ мультыкультурнае грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.