Мітрапаліт Кандрусевіч: самая глыбокая радасць – свабода ад усяго, што аддзяляе ад
Бога
На рэчаіснасць хрысціянскага
прымірэння звяртае ўвагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сёлетнім пасланні на Вялікі
пост. “Біблія выкарыстоўвае слова «прымірэнне», каб апісаць тое, што Бог зрабіў нам
праз свайго Сына Езуса Хрыста. - піша іерарх - Бог прымірыў нас з сабой праз смерць
свайго Сына і праз гэта цалкам змяніў нашыя адносіны з Ім: мы нанава сталі Яго дзецьмі.
Прычым, і гэта трэба падкрэсліць асабліва, ініцыятыва належала Богу, а не чалавеку”.
Мітрапаліт звяртае ўвагу на тое, што паяднанне чалавека з Богам адбылося не
дзякуючы кампрамісу, які шукае сучасны свет, ці дзякуючы славутай у наш час паліткарэктнасці,
але праз ахвяру Сына Божага. “Прымірэнне з Богам магчыма толькі дзякуючы Езусу, дзякуючы
Яго смерці і ўваскрасенню”.
“Дзе мы можам знайсці прабачэнне пасля хросту?
- ставіць пытанне ў сваім пасланні Мітрапаліт Кандрусевіч. Хто можа знішчыць наш
грэх і выцерці слёзы смутку? У сакрамэнце пакаяння мы сустракаем Хрыста, які гатовы
і жадае аднавіць нас да новага жыцця. Божая ласка прыходзіць праз бачныя знакі – сакрамэнты.
Адпушчэнне грахоў і аднаўленне ласкі хросту таксама звязана з бачным знакам, якім
з’яўляецца споведзь” - падкрэслівае іерарх.
На заканчэнне паслання арцыбіскуп
Кандрусевіч заклікае ўсіх памятаць аб тым, што самай глыбокай духоўнай радасцю чалавека
павінна быць свабода ад усяго таго, што аддзяляе ад Бога, і “аднаўленне адносін з
бясконца міласэрным нябесным Айцом, які прымае кожнага з любоўю, праяўленай да марнатраўнага
сына. Духоўна адноўленыя і паяднаныя з Богам, Касцёлам і людзьмі ў сакрамэнце пакаяння,
мы становімся «новым стварэннем»” - падкрэслівае іерарх у сваім пасланні на Вялікі
пост.