2011-02-27 13:52:29

Апостальская Сталіца ў Жэневе: спыніць эскалацыю гвалту ў Лівіі


RealAudioMP3 Ва ўмовах крызісу ў Лівіі, варта адзначыць, што галоўным абавязкам дзяржавы з’яўляецца абарона сваіх грамадзян, павага да іх правоў і асноўных свабод, такіх, як свабода сходаў. Аб гэтым казаў на спецыяльнай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе, прысвечанай сітуацыі ў Лівіі, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры гэтай арганізацыі арцыбіскуп Сільвана Тамазі.

Ён запэўніў, што Апостальская Сталіца ўважліва і з занепакоенасцю сочыць за падзеямі ў Паўночнай Афрыцы. Яе асаблівую заклапочанасць выклікаюць неапраўданыя забойствы, напады на грамадзянскіх асоб і мірныя дэманстрацыі, бязлітаснае ўжыванне гвалту, які прыводзіць да гуманітарнай катастрофы. Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што абавязкам дзяржавы з'яўляецца рэалізацыя законных спадзяванняў народа.

Святы Пасад падтрымлівае ўсе намаганні, каб спыніць эскалацыю гвалту і прывесці да сумленнага дыялогу паміж дэманстрантамі і ўладамі краіны, - сказаў арцыбіскуп Тамазі. Ён звярнуў увагу на асабліва цяжкую сітуацыю іншаземцаў з афрыканскага рэгіёну паўднёвай Сахары. Яны могуць стаць казлом адпушчэння, на якім рэалізуецца ўжо даўно наспелая незадаволенасць - папярэдзіў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.