2011-02-26 12:54:20

Дэпутат аргентынскага парламента супраць абраза Панны Марыі ў Кангрэсе


RealAudioMP3 Дэпутат парламента Аргентыны Серхіа Арыэль Бастейро прапанаваў сваім калегам прыбраць з будынка Кангрэса абраз Луханскай Панны Марыі, заступніцы Аргентыны, і надаць будынку вобраз “мультырэлігійнай прасторы”.

У лісце, распаўсюджаным 23 лютага агенцтвам AICA, каталіцкія актывісты падверглі крытыцы праект Арыэля Бастейро, які выступаючы за выдаленне абраза Маці Божай, спасылаецца на тое, што “Аргентына сёння з'яўляецца свецкай дзяржавай”, а прысутнасць Луханскай Мадонны нібыта “шкодная для тых, хто не з'яўляецца католікамі”.

Апаненты Арыэля Бастейро лічаць, што дэпутат “блытае паняцці свецкай, неканфесійнай і агнастычнай дзяржавы. Калі ў першым выпадку рэлігія аддзелена ад дзяржавы, не знаходзячыся пры гэтым па-за законам, то ў другім - дзяржава спрабуе аб'явіць па-за законам любую публічную праяву веры, як у выпадку з выявай Луханскай Маці Божай, якую жадаюць прыбраць з будынка Кангрэса”.

У лісце сцвярджаецца, што прыняць прапанову дэпутата - значыць пачаць “радыкальную дыскрымінацыю пераважнай большасці аргентынскага народа”, які штодня звяртаецца з малітвамі аб заступніцтве да Багародзіцы, і ігнараваць Яе значэнне і прысутнасць у гісторыі краіны.

Таксама ў лісце адзначаецца, што гэты праект - адзін з “серыі аналагічных ініцыятываў, адзначаных у розных частках краіны, ... якія пад выглядам “нейтральнасці дзяржавы”, патрабуюць выдаліць рэлігійныя сімвалы з публічных месцаў”. Рэалізацыя падобных праектаў, лічаць хрысціянскія актывісты, “канчаткова прымусіць грамадства забыцца сваю рэлігію, культуру і традыцыю - тое, што складае аргентынскую нацыянальную ідэнтычнасць”.







All the contents on this site are copyrighted ©.