2011-02-26 12:37:06

Бэнэдыкт XVI пра існаванне маральнай свядомасці чалавека


RealAudioMP3 Святы Айцец звярнуўся 26 лютага да членаў Папскай акадэміі “Pro Vita”. З 24 па 26 лютага ў Ватыкане праходзіць яе пленарнае пасяджэнне. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што “абавязкам сумлення, з’яўляецца адрозненне дабра ад зла ў розных жыццёвых сітуацыях, каб на аснове гэтай справядлівасці, чалавек мог ісці ў кірунку дабра”.

“Для тых, хто аспрэчвае існаванне маральнай свядомасці ў чалавеку, - сказаў Бэнэдыкт XVI -памяншаючы яе голас да выніку ўплыву знешніх умоў або чыста эмацыйнай з'явы, важна падкрэсліць, што маральныя якасці чалавека не маюць толькі знешні, неабавязковы характар, не належаць толькі да прэрагатывы хрысціянаў або вернікаў, але з’яўляюцца агульнымі для кожнага чалавека”.

У сваім звароце да членаў Папскай акадэміі, Папа звярнуўся таксама да тэмы абароны жыцця. “Неабходна, каб ўсё грамадства абараняла права на жыццё ненароджаных і сапраўднае дабро жанчыны, якая ніколі і ні пры якіх абставінах не можа рэалізаваць сябе праз выбар аборта” - падкрэсліў ён.

Пантыфік закрануў таксама тэму новых тэхналогій і іх наступстваў. Ён звярнуў увагу на тое, што “медыцынскія і навуковыя даследаванні маюць вялікае значэнне, і таму патрабуюць адказнасці, не толькі з боку даследчыкаў, але і ўсёй грамадзянскай супольнасці”. Мэтай даследаванняў павінна быць агульнае дабро грамадства і праяўленне салідарнасці з патрабуючымі. На неабходнасць гэтых якасцяў паказваюць даследаванні на ствалавых клетках.

На заканчэнне Папа пажадаў удзельнікам форуму духа сапраўднага служэння праз розум і сэрца, каб умець адказваць на патрэбы людзей нашага часу.







All the contents on this site are copyrighted ©.