Бэнэдыкт ХVI узгадаў жыццё і дасягненні святога Робэрта Бэлярміна
23 лютага падчас агульнай
аўдыенцыі ў Ватыкане Святы Айцец у сваёй катэхезе ўзгадаў постаць святога Робэрта
Бэлярміна, тэолага, дыпламата, доктара Касцёла, які жыў на рубяжы XVI–XVII стагоддзяў.
Гэта была чарговая катэхеза Пантыфіка з цыклу пра выдатных дзеячаў і настаўнікаў Касцёла.
На
пачатку аўдыенцыі Папа асвяціў статую св. Марона — манаха з Блізкага Усходу, які жыў
у IV ст. і заснаваў Мараніцкі Касцёл, да якога належыць большасць хрысціян у Ліване.
Затым статую змясцілі ў адной з унутраных наваў базылікі св. Пятра. На ўрачыстасці
прысутнічалі, між іншым, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ,
мараніцкі Патрыярх Антыёхіі кардынал Насраллах П’ер Сфеір, Прэзідэнт Лівана Мішэль
Сулейман і група ліванскіх прадстаўнікоў розных Касцёлаў і канфесій.
Спасылаючыся
на падзеі, якія адбываліся ў заходнім Касцёле ў часы вялікіх расколаў і падзелаў на
рубяжы ХVI–XVII стагоддзяў, Папа падкрэсліў, што прыклад гэтага вялікага святога паказвае,
што сапраўднай рэформай з’яўляецца перамена сэрца, а ўсю дзейнасць Касцёла павінна
ажыўляць малітва.
«Робэрт Бэлярміно нарадзіўся 4 кастрычніка 1542 года ў Монтэпульчана,
непадалёку ад Сіены. Быў пляменнікам папы Марчэлла ІІ. Атрымаў выдатную гуманітарную
адукацыю. 20 верасня 1560 года ўступіў у Таварыства Езуса». (...) «Святарскае пасвячэнне
атрымаў 25 сакавіка 1570 года і на працягу некалькіх гадоў выкладаў тэалогію ў Лювэне
(Бельгія). З 1588 г. па 1594 г. з’яўляўся духоўным кіраўніком студэнтаў езуіцкай Рымскай
духоўнай семінарыі».
3 сакавіка 1599 года, як нагадаў Пантыфік, Робэрт Бэлярміно
быў узнесены да годнасці кардынала папам Кліментам VIII і 18 сакавіка 1602 года стаў
арцыбіскупам горада Капуа. У апошнія гады свайго жыцця напісаў некалькі кніг, у якіх
пісаў аб духоўных практыкаваннях для святароў. Гэтыя працы і сёння з’яўляюцца вялікім
здабыткам для хрысціянаў. Памёр 17 верасня 1621 года. Папа Пій ХI беатыфікаваў Робэрта
Бэлярміно ў 1923 годзе, у 1930 годзе кананізаваў, а ў 1931 годзе далучыў да ліку дактароў
Касцёла.
Гаворачы аб асобе св. Робэрта Бэлярміна, Святы Айцец адзначыў, што
яго можна назваць прыкладам як добрага жыцця, так і добрай смерці, чыстага і глыбокага
разважання над чалавечымі ўчынкамі і адказу за іх перад Богам. «Бэлярмін вучыць вельмі
ясна і на прыкладзе ўласнага жыцця, што не можа быць сапраўднай рэформы Касцёла, калі
перад гэтым няма асабістай рэформы і навяртання свайго сэрца», — падкрэсліў Папа.
Пантыфік таксама адзначыў, што духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы дапамагалі
Робэрту ў «прапаведаванні прыгажосці таямніцаў веры».
Святы Робэрт Бэлярмін
адыграў важную ролю ў абцяжараным падзеламі і рэфармацыйным рухам Касцёле на рубяжы
XVI–XVII стст., а яго праца «Кантраверсіі» сёння з’яўляецца каштоўным набыткам для
каталіцкай эклезіялогіі. У працы ўзнімаюцца такія пытанні, як аб’яўленне, прырода
Касцёла, сакрамэнты і тэалагічная антрапалогія. Святы звяртаў асаблівую ўвагу на інстытуцыянальнае
вымярэнне Касцёла, якое было адной з прычын вялікіх памылак, што назіраліся ў той
час у заходнім хрысціянстве. Таксама ён звяртаўся да «нябачных аспектаў Касцёла як
містычнага Цела і ілюстраваў гэтую думку праз аналогію цела і душы, каб апісаць сувязі
паміж унутранымі багаццямі Касцёла і знешнімі аспектамі».
Бэнэдыкт XVI распавёў
таксама аб значэнні малітвы ў жыцці гэтага вялікага святога. Многія абавязкі, даручаныя
яму ў Касцёле, — праца ў Рымскай Курыі, сустрэчы і тэалагічныя дыскусіі, дыпламатычная
дзейнасць — не перашкаджалі яму ў штодзённым імкненні да святасці і ў захоўванні вернасці
патрабаванням яго стану як законніка, святара і біскупа. Гэтая вернасць свайму пакліканню
спрыяла і прапаведніцкай дзейнасці. «З’яўляючыся святаром і біскупам, ён, як пастыр,
адчуваў абавязак гарачага прапаведавання», — адзначыў Пантыфік, дадаўшы, што святы
Робэрт «прапануе нам малітву, якая ажыўляе ўсялякую дзейнасць; малітву, якая ўслухоўваецца
ў словы Пана, не засяроджваецца на сабе, але з радасцю аддаецца Богу».
Як адзначыў
Пантыфік, прыклад жыцця і дзейнасці св. Робэрта Бэлярміна застаецца актуальным і ў
сённяшні час, і гэта датычыць асабліва яго малітвы і штодзённага разважання над сваімі
ўчынкамі.
Пасля катэхезы Папа звярнуўся да вернікаў на розных мовах. Ён прывітаў
вернікаў, якія прынеслі «Бэнэдыктынскі факел міру». Ён накіруецца ў Лондан, дзе будзе
запалены падчас экуменічнага набажэнства. Папа таксама прывітаў моладзь, хворых і
новыя сужэнскія пары.