2011-02-23 11:37:20

19 чэрвеня – візіт Бэнэдыкта XVI у Сан-Марына і Мантэфельтро


RealAudioMP3 22 лютага была прадстаўлена канчатковая праграма візіту Святога Айца ў Рэспубліку Сан-Марына і Мантэфельтро. Папа скіруецца туды 19 чэрвеня 2011 г. Гістарычным момантам назваў гэты візіт біскуп Луіджы Нэгры. Асноўны дэвіз мерапрыемства: "Пане, памнож нашу веру". Гэта вера з'яўляецца асновай Касцёла, які, як адзначыў Біскуп Сан-Марына, "крочыць па цяжкім шляху", каб "аднавіць традыцыі, фундаментальныя для стварэння сучаснасці і будучыні". "Яго Святасць – гэта сур’ёзны і разумны чалавек, які мае шырокі погляд на рэчы", - падкрэсліў біскуп Нэгры.

Пачатак візіту запланаваны 19 чэрвеня на 9.15 раніцы, калі верталёт з Папам прызямліцца ў аэрапорце Торач’я ў Сан-Марына. Тут Святога Айца прывітае афіцыйныя дзяржаўная і касцёльная дэлегацыі. Адсюль Пантыфік скіруецца на стадыён Серравалле дзе ўзначаліць Эўхарыстыю, прамовіць гамілію і памоліцца з вернікамі “Анёл Панскі”. Пасля св. Імшы Святы Айцец наведае дом св. Юзафа, дзе адбудзецца ўрачысты абед. Перад тым як пакінуць яго, Папа сустрэнецца з арганізатарамі візіту і членамі Дыяцэзіяльнага міжнароднага фонду "Ян Павел II".

У другой палове дня распачнецца афіцыйная частка візіту. Пантыфік скіруецца на плошчу Свабоды. Там адбудзецца вайсковы парад, пасля якога Бэнэдыкт XVI сустрэнецца з капітанамі-рэгентамі Сан-Марына. Пасля сустрэчы Папа накіруецца ў Базыліку Сан-Марына дзе правядзе кароткую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым у 18.30 верталёт з Папам вылеціць у бок Пэнабілі дзе прызямліцца праз 15 хвілін. Пасля афіцыйнага прывітання аўтамабіль з Пантыфікам накіруецца ў бок катэдральнага касцёла, дзе адбудзецца кароткая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым, на плошчы Віктара Эмануэля пройдзе сустрэча Святога Айца з моладдзю Сан-Марына, падчас якой ён скіруе да маладых вернікаў свае словы. У 20.00 гадзін запланаваны вылет Пантыфіка ў бок Ватыкана.

Трэба адзначыць, што апошнім з Папаў, які наведаў Сан-Марына, быў Ян Павел ІІ. Яго візіт сюды адбыўся амаль 30 гадоў таму.







All the contents on this site are copyrighted ©.