2011-02-22 14:42:20

“Homo caritatis”. Прынцып справядлівага размеркавання дабротаў


RealAudioMP3 У мінулых праграмах мы пачалі размову аб асноўных прынцыпах сацыяльнага навучання Касцёла. Пасля размовы пра годнасць чалавека і агульнага дабра я прапаную пазнаёміцца з яшчэ адным прынцыпам – справядлівага размеркавання дабротаў. Да чаго нас скіроўвае гэты прынцып, што ён нам дае ўбачыць? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні ў нашай сённяшняй праграме.

Карані прынцыпа справядлівага размеркавання дабротаў трэба шукаць на першых старонках Бібліі. Усе мы добра памятаем, што Бог стварыў зямлю і ўсё што яе напаўняе, а потым даў яе людзям, для таго, каб яны маглі задаволіць свае патрэбы і ўсебакова развівацца. Важна заўважыць, што гэты дар быў для ўсіх людзей – не выключаючы нікога і не робячы нікому прывелігій. Менавіта тут закладзеныя карані справядлівага размеркавання дабротаў.

Чалавек не можа існаваць без матэрыяльных рэчаў. Яны неабходныя яму каб харчавацца, расці, уступаць у кантакт з іншымі, аб’ядноўвацца для дасягнення сваіх мэтаў. Карыстанне дабротамі зямлі – гэта натуральнае права чалавека, г.зн. яно закладзена ў ягоную прыроду .

Такім чынам справядлівае грамадства ніколі не павінна забывацца аб абавязку кантраляваць справядлівае размеркаванне дабротаў. Праз законы і свабоды ўсе павінны атрымліваць роўныя магчымасці для жыцця і ўласнага развіцця.
Да такіх дабротаў, якія неабходны чалавеку, адносяцца стварэнні і натуральныя зямныя рэсурсы, тавары і паслугі, веды, дасягненні навукі і творы мастацтва.

Апрацоўваючы зямлю, выкарыстоўваючы свой розум, чалавек дасягае панавання над зямлёй і пераўтварае яе ў годнае жытло для сябе. Такім чынам ён робіць частку зямлі сваёй уласнасцю.
Уласнасць неабходная чалавеку, бо яна гарантуе яго аўтаномію. Таму, яе трэба разглядаць як пашырэнне чалавечай свабоды. Акрамя таго, ўласнасць падштурхоўвае чалавека да выканання абавязкаў, да адказнасці. Такім чынам яна спрыяе яго ўнутранаму развіццю.

Уласнасць дае асобе вельмі шмат аб’ектыўных выгодаў: лепшыя ўмовы жыцця, упэўненасць у будучыні, шырокія магчымасці выбару. Але, у той жа час, можа стаць спакусай, пераўтварыўшыся ў канчатковую і адзіную мэту жыцця.

Абсалютызуючы ролю прыватнай уласнасці людзі даходзяць да таго, што трапляюць у рабства. Бо ніякую форму ўласнасці нельга разглядаць асобна ад таго ўплыву, які яна аказвае на чалавека. Уладальнік, які несвядома абагаўляе ўласнасць становіцца яе слугой. Падобнае разуменне прыватнай уласнасці мы часта бачым сёння. Простым прыкладам са штодзённага жыцця можа быць паталагічна гіпертрафіраванае спажывецтва. Спажываць усё: навінкі тэхнікі, вопратку, прадукты, дары прыроды, людзей, нават уласнае жыццё.

Замест таго, каб убачыць сапраўдны сэнс рэчаў мы імкнемся да простага валодання імі. Спакуса валодання з’яўляецца вельмі моцнай. Нездарма, сатана спакушаў Езуса ў пустынні багаццямі гэтага свету. Але Збаўца не паддаўся гэтай спакусе і сёння праз голас Касцёла і праз сваю Ласку заклікае і дапамагае нам таксама перамагаць яе.

Навучанне Касцёла заклікае ўбачыць у рэчах іх сацыяльную функцыю. Чалавек павінен памятаць аб тым, што рэчы якімі ён валодае належаць не толькі яму, але з’яўляюцца агульнымі, у тым сэнсе, што яны павінны служыць і прыносіць карысць не толькі яму але і іншым.

Такое стаўленне патрабуе развіцця асобых цнотаў, такіх як стрыманасць, пачуццё справядлівасці, і канешне любоў. Адкрыць сваё сэрца на патрэбы іншых людзей. Убачыць патрэбы тых, хто знаходзіцца побач з намі, асабліва бедных, тых хто трапіў у маргіналізаваны стан з-за немагчымасці карыстацца ўсімі дабротамі зямлі.

Любоў да бедных натхняецца Евангеллем, беднасцю Езуса і Ягонай увагай да іх. Размова ідзе аб беднасці не толькі матэрыяльнай, але і культурнай і рэлігійнай. Натхнёны прынцыпам “дарам атрымалі, дарам давайце”, Касцёл заклікае да духоўных і цялесных спраў міласэрнасці.

Такім чынам, мы бачым, што прынцып справядлівага размеркавання дабротаў скіроўвае нас да разумення сацыяльнай функцыі багаццяў і матэрыяльных рэчаў. Ён заклікае нас бачыць патрэбы іншых людзей і задумацца аб тым, чым я магу падзяліцца з імі.

Аляксандр Панчанка







All the contents on this site are copyrighted ©.