2011-02-21 11:43:37

Апостальская нунцыятура ў РФ: задаволенасць вынікамі сустрэчы Папы і Мядзведзева


RealAudioMP3 "Можна толькі парадавацца, што гэтая сустрэча адбылася, і адбылася ў вельмі добрай атмасферы", - сказаў часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Расійскай Федэрацыі кс. прэлат Вісвальдас Кульбокас з нагоды сустрэчы Дзмітрыя Мядзведзева і Бэнэдыкта XVI, якая адбылася ў Ватыкане 17 лютага.

Па словах монсіньёра Кульбокаса, у ходзе сустрэчы абодва бакі падкрэслілі важнасць устанаўлення поўных дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі ў снежні 2009 года, адзначылі іх развіццё і выказалі гатоўнасць падтрымліваць іх і пашыраць у далейшым. Таксама з абодвух бакоў была выказана гатоўнасць да супрацоўніцтва ў абароне хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў, у культурнай і сацыяльнай сферах; падтрыманні міжрэлігійнага дыялогу. Удзельнікі сустрэчы закранулі міжнародныя праблемы, у прыватнасці абстаноўку на Блізкім Усходзе. Былі пазначаныя тэмы, па якіх развіваецца супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Расійскай Федэрацыяй: гэта і міжнародная сфера, і непасрэдна адносіны Ватыкана і Расіі.

Што датычыць Расіі, адзначыў далей дыпламатычны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў тут ажыццяўляецца перш за ўсё ў рамках супрацоўніцтва дзяржавы і Рускай Праваслаўнай Царквы. Але і іншыя канфесіі і рэлігіі могуць унесці ўклад у гэтую сферу, - напрыклад, у справу абароны сям'і як інстытута, абарону жыцця і г.д., паведамляе "Благавест-інфо".

У ходзе сустрэчы была таксама закранута тэма праваслаўна-каталіцкага дыялогу. "Роля Каталіцкага Касцёла ў Расіі залежыць ад таго, у якіх адносінах знаходзяцца Святы Пасад і Праваслаўная Царква", - сказаў монсіньёр Кульбокас. Але і на супрацоўніцтве Расіі і Апостальскай Сталіцы адлюстроўваюцца ўзаемаадносіны Рускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Сам факт візіту, адзначыў ён, падкрэслівае, што гэтыя адносіны развіваюцца пазітыўна.

Што тычыцца сустрэчы кіраўнікоў двух Цэркваў - Папы і Патрыярха - гэтае пытанне, якому СМІ надаюць шмат увагі, не будзе вырашана, пакуль "бакі не гатовыя". Сёння, на думку монсіньёра Кульбокаса, важней развіваць адносіны, супрацоўніцтва, "каб гэтае пытанне вырашылася само сабой, і трэба да гэтага імкнуцца".







All the contents on this site are copyrighted ©.