2011-02-20 13:39:50

Бэнэдыкт ХVI заклікае наследаваць Езуса, ужо тут, на зямлі


RealAudioMP3 Прыказанне Езуса любіць сваіх ворагаў нагадаў Святы Айцец у разважанні перад малітвай “Анёл панскі” ў нядзелю 20 лютага. Спасылаючыся да чытанняў з сённяшняй нядзелі Папа падкрэсліў, што любоў бліжняга з’яўляецца адной з запаведзяў Бога, Езус жа дадаў да гэтага любіць ворагаў і заклікаў наследаваць Яго ў штодзённым жыцці.

“Дарагія браты і сёстры,

У гэтую сёмую нядзелю звычайнага перыяду, біблійныя чытанні расказваюць нам пра волю Бога, каб людзі ўдзельнічалі ў Ягоным жыцці: “будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш”- чытаем у Кнізе Левіт. (19.1). З гэтымі словамі і прыказаннямі, якія з іх вынікаюць, Пан заклікае людзей, якіх Ён абраў, каб яны былі сведкамі саюза з Ім, ідучы Яго шляхамі і засноўваючы сацыяльнае заканадаўства на прыказанні “Любі бліжняга свайго, як самога сябе.” (Лев. 19.18). Калі мы слухаем пазней Езуса, у Якім Бог прыняў смяротнае цела, каб стаць бліжнім для кожнага чалавека і выявіць сваю бясконцую любоў да нас, мы знаходзім той самы заклік, тую ж самую адважную мэту. Па сутнасці Пан гаворыць: “будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.” (Мт.5.48) Але хто можа стаць дасканалым? Нашай дасканаласцю ёсць жыццё Сыноў Божых, выконваць канкрэтна Яго волю. Святы Кіпрыян пісаў, што “бацькоўству Бога павінны адпавядаць паводзіны Сыноў Божых, каб Бог быў праслаўлены і выхваляны добрымі паводзінамі чалавека”. ( De zelo et livore,15: CCL 3°,83)

У які спосаб мы можам наследаваць Езуса? Ён сам кажа: “любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах”. (Мт 5.44-45) Той, хто прыймае Пана ў сваім жыцці і любіць Яго ўсім сваім сэрцам, здольны да новага пачатку. Яму ўдаецца выконваць Божую волю: ажыццявіць новую форму жыцця, якая ажыўляецца любоўю і ёсць прызначана для вечнасці. Апостал Павал дадае: “Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?” ( 1 Кар.3,16). Калі мы сапраўды свядомыя гэтай рэальнасці і нашае жыццё ёсць ёю глыбока сфармаванае, тады нашае сведчанне становіцца ясным, красамоўным і эфектыўным. Сярэднявечны аўтар напісаў: “Калі ўся чалавечая істота, так бы мовіць, змешана з любоўю Бога, то бляск яе душы адлюстроўваецца таксама і ў вонкавым аспекце”.(Giovanni Climaco, Scala Paradisi, XXX: PG 88; 1157 B), ва ўсім яго жыцці. “Вялікая рэч любоў- чытаем у Кнізе “Наследаваць Хрыста”- ёсць дабром, якое робіць лёгкаю кожнаю трудную рэч і спакойна падтрымлівае кожную цяжкую рэч. Любоў імкнецца падняцца ўверх, не спатыкаючыся ні на што зямное. Яна нараджаецца ад Бога і толькі ў Богу можа знайсці спакой ( ІІІ,V,3)

Дарагія сябры, у аўторак 22 лютага, мы будзем адзначаць свята Катэдры Святога Пятра. Гэта яму, першаму з Апосталаў, Хрыстус даручыў заданне Настаўніка і Пастыра да духоўнага кіравання Божым Народам, каб гэты народ змог падняцца да неба. Таму я заклікаю ўсіх пастыраў: “асімілявацца з гэтым новым ладам жыцця, які пачаў Езус і які ажыццяўлялі Апосталы” ( Lettera Indizione Anno Sacerdotale). Упрошвайма Панную Марыю, Маці Бога і Касцёла, каб навучыла нас любіць адзін аднаго і прыймаць сябе як братоў, сыноў Нябеснага Айца”.

Пасля сваіх разважанняў Святы Айцец прамовіў з вернікамі, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра, малітву “Анёл панскі” і ўдзяліў на ўсіх сваё апостальскае блаславенне.








All the contents on this site are copyrighted ©.