2011-02-16 12:13:08

Кс. Капроўскі: Ватыканскае радыё ператварылася ў дынамічны мультымедыйны цэнтр


RealAudioMP3 Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва апублікавала сёння інтэрв’ю з праграмным дырэктарам нашага радыё, польскім езуітам кс. Анджэем Капроўскім. Яно прысвечана 80-гадоваму юбілею, які Ватыканскае радыё адзначыла некалькі дзён таму.

Гаворачы аб папскай радыёстанцыі кс. Капроўскі падкрэсліў універсальнасць яе місіі, формы якой змяняюцца ў залежнасці ад патрэбаў часу. “Важна, каб у гэтай місіі - вельмі складанай сёння - не толькі перадаваць інфармацыю, але і паказваць розныя механізмы, якія існуюць у свеце, каб гэта служыла аказанню дапамогі ў развіцці апостальскай місіі ў мясцовых Касцёлах”.

Кажучы аб тэхналагічным прагрэсе ў сённяшніх СМІ, праграмны дырэктар Ватыканскага радыё адзначыў, што кіраўніцтва і супрацоўнікі радыёстанцыі ўсведамляюць маштабнасць не толькі тэхналагічнай, але культурнай рэвалюцыі, якую перажываюць сёння сродкі масавай інфармацыі. “Новыя тэхналогіі - сказаў ён - мы выкарыстоўваем у якасці надзвычай важнага дадатка да радыё, а дакладней - як элемент зменлівай формулы радыё, радыё ў эпосе мультымедыя. Гэта выклікае значныя змены ў нашай працы. У апошнія гады Ватыканскае радыё, застаючыся радыёстанцыяй, ператварылася ў дынамічны мультымедыйны цэнтр”.

“Гледзячы на гэта можна зразумець, наколькі Каталіцкі Касцёл сапраўды ўніверсальны. Ён не абмежаваны, як іншыя, да глабалізацыі толькі эканомікі!” - адзначыў кс. Капроўскі.

Ён нагадаў, што эфектыўная праца паскай радыёстанцыі была б немагчымай без цеснага супрацоўніцтва з рознымі ватыканскімі сродкамі масавай інфармацыі: тэлевізійным цэнтрам, Заляй Друку, Папскай радай па сродках масавай камунікацыі, а таксама Папскай радай па культуры і іншымі дыкастэрыямі Апостальскай Сталіцы. Гэта дазваляе стварыць крыніцу мультымедыяінфармацыі, дзе карыстальнік атрымлівае ўсё адразу: гук, тэкст, відэа і г.д.

Сваё інтэрв’ю праграмны дырэктар Ватыканскага радыё скончыў вельмі асабіста: “Прызнаюся, што я ўдзячны Богу і маім шэфам, таму што мадэрнізацыя Ватыканскага радыё вельмі цікавая задача, якую Бог даў мне ў канцы жыцця. У мяне няма часу, каб іржавець”.







All the contents on this site are copyrighted ©.