2011-02-15 13:27:08

Мадрыд: мільён удзельнікаў Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Біскуп Ёзэф Клеменс, сакратар Папскай рады па справах свецкіх, лічыць, што на Сусветныя дні моладзі ў Мадрыд 16-21 жніўня прыедзе адзін мільён чалавек. На пачатак гэтага мерапрыемства чакаецца 600 тысяч маладых людзей, а на св. Імшы з папам Бэнэдыктам XVI, якая адбудзецца ў канцы Сусветных дзён моладзі, паводле папярэдніх ацэнак, можа быць нават мільён асобаў.

Паходзячы з нямецкага Падэборна, былы сакратар кардынала Ёзэфа Ратцынгера ў Кангрэгацыі Веравучэння, адказвае за арганізацыю Сусветных дзён моладзі ад імя Апостальскай Сталіцы. Падрыхтоўка да моладзевага форуму ўжо ў поўным разгары, заявіў ватыканскі арганізатар. Ён выказаў перакананне, што вялікае ўражанне на маладых людзей з усяго свету зробяць "глыбокія карані" веры ў Іспаніі. Касцёл краіны рыхтуе некаторыя ўласныя акцэнты праграмы, напрыклад, тэматыку Крыжовага Шляху, набажэнства вельмі жывога ў гэтай краіне.

Параўноўваючы Мадрыд з папярэднім каталіцкім моладзевым форумам у Сіднэі ў 2008 годзе, біскуп Клеменс адзначыў, што тут Каталіцкі Касцёл з'яўляецца больш прысутным. У арганізацыю ўключыліся шмат парафій, а таксама касцёльныя школы і сацыяльныя цэнтры.







All the contents on this site are copyrighted ©.