2011-02-15 13:47:39

Кардынал Сандры: копцкая меншасць Егіпта павінна ўдзельнічаць у распрацоўцы новай канстытуцыі


RealAudioMP3 Кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, выказаў надзею на ўдзел копцкай меншасці ў распрацоўцы новай канстытуцыі ў Егіпце. "Я спадзяюся, што голас хрысціянаў будзе пачуты", заявіў іерарх у інтэрвію нашаму радыё. Ён выказаў надзею, што асноўныя прынцыпы, такія як: годнасць мужчын і жанчын, а таксама свабода, будуць гарантаваныя кожнаму, і гэта будзе замацавана ў новай Канстытуцыі Егіпта.

Гэта краіна можа стаць у адносінах да хрысціянскай меншасці, паводле ацэнак кардынала, мадэллю для іншых краін з мусульманскай большасцю. "Гісторыя, выхаванне і адукацыя егіпецкага грамадства могуць на самай справе даваць надзею ў гэтай сувязі", сказаў прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Ён падкрэсліў разважлівасць егіпцян, аб якой сведчыць у асноўным мірны характар прайшоўшых дэманстрацый.

Хрысціяне і мусульмане паводле іерарха павінны працаваць разам "каб стварыць больш гуманнае грамадства, якое будзе справядлівым і дасць кожнаму магчымасць удзельнічаць у грамадскім жыцці", сказаў кардынал Сандры, які прадстаўляе, між іншым, копцкіх католікаў, якіх у Егіпце каля 170 тысяч.







All the contents on this site are copyrighted ©.