2011-02-14 15:14:24

Руская Праваслаўная Царква вітае развіццё кантактаў паміж Расіяй і Ватыканам


RealAudioMP3 "Руская Праваслаўная Царква ўсяляк падтрымлівае развіццё гарманічных міждзяржаўных і міжцаркоўных адносін на карысць людзей", - заявіў у панядзелак в.а. сакратара Сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў па міжхрысціянскіх адносінах айцец Дзімітрый Сізаненка, каментуючы будучую сустрэчу прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева з папам Бэнэдыктам XVI.

Па словах айца Дзімітрыя, "пытанні міжцаркоўнага супрацоўніцтва афіцыйныя прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхата сёння вельмі паспяхова абмяркоўваюць непасрэдна з партнёрамі ў Ватыкане".

"Усталяванне паўнавартасных дыпламатычных адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Святым Пасадам надало новы імпульс развіццю канструктыўных адносін паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Апостальскай Сталіцай. Папа Бэнэдыкт XVI асаблівыя надзеі ўскладае на супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой, пра гэта ён пранікліва кажа ў кнізе-інтэрв'ю "Святло свету", - сказаў святар.

Пры гэтым прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхата згадаў блізкасць пазіцый, "якія паслядоўна адстойваюць Патрыярх Кірыл і Бэнэдыкт XVI, выступаючы супраць абортаў, легалізацыі аднаполых саюзаў, эўтаназіі, медыка-біялагічных эксперыментаў, не сумяшчальных з хрысціянскім светапоглядам".

Святар дадаў, што "даволі часта для ажыццяўлення душпастырскай працы з расіянамі, якія апынуліся за мяжой, прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхата вымушаны звяртацца да каталіцкіх біскупаў з просьбай аб прадастаўленні памяшканняў, неабходных для стварэння парафіяльных супольнасцяў і правядзення набажэнстваў. І мы ўдзячныя за тое, што, як правіла, такія просьбы знаходзяць станоўчы водгук у іерархаў Каталіцкага Касцёла", - дадаў прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхата.







All the contents on this site are copyrighted ©.