Калумбія: епіскапат з надзеяй аб новым прэзідэнце краіны
Старшыня епіскапату
Калумбіі, арцыбіскуп Рубэн Саласар Гомэс, сказаў, што “праблема Калумбіі – не толькі
ва ўзброеным канфлікце з партызанамі, але ў сацыяльным канфлікце, звязаным з такімі
праблемамі як: беднасць, размеркаванне багацця і зямлі”.
8 лютага Прэзідэнт
Калумбіі Хуан Мануэль Сантос Кальдэрон сустрэўся ў сталіцы краіны Багаце з каталіцкім
епіскапатам. Гэта была яго першая афіцыйная сустрэча з іерархамі ў якасці кіраўніка
дзяржавы. Біскупы ў размове з Прэзідэнтам закранулі не толькі пытанні, звязаныя з
узброенным канфліктам і сацыяльнымі праблемамі, яны выказалі сваю заклапочанасць у
сувязі з сітуацыяй вакол адукацыі і гуманітарнай дапамогі ахвярам стыхійных бедстваў,
асабліва паводак.
11 лютага калумбійскія біскупы сустрэліся таксама з міністрам
абароны, вайсковым камендантам і начальнікам паліцыі. Усе вайсковыя функцыянеры выказалі
гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва з Касцёлам у рамках праграмы дэмабілізацыі партызанаў
і вяртання іх у грамадства. Падкрэслілі крызіс каштоўнасцяў і неабходны ўклад Касцёла
ў маральнае аднаўленне краіны. Начальнік паліцыі звярнуў увагу на сувязь гандлю наркотыкамі
са злачыннымі групамі і ўплыў гэтай сітуацыі на паглыбленне сацыяльнага і ўзброенага
канфліктаў. Ён запэўніў у супрацоўніцтве паліцыі з праграмамі касцёльнай дапамогі
для ахвяраў стыхійных бедстваў.