2011-02-14 13:15:57

Апостальская нунцыятура ў Маскве: сустрэча Мядзведзева з Бэнэдыктам XVI паслужыць развіццю дыялогу Расіі і Ватыкана


RealAudioMP3 У Апостальскай нунцыятуры ў Расійскай Федэрацыі спадзяюцца, што маючая адбыцца сустрэча Прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева з папам Бэнэдыктам XVI паслужыць развіццю супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

Монсіньёр Вісвальдас Кульбокас у інтэрв’ю агенцтву "Інтэрфакс-Рэлігія" заявіў, што "не ведае дакладна, якія менавіта тэмы будуць закранутыя на сустрэчы Прэзідэнта Расіі з Папам, але можна сказаць, што ў першую чаргу гэты візіт стане сімвалам прыгожых, сяброўскіх адносінаў і супрацоўніцтва, якое ёсць і, напэўна, будзе развівацца".

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 16-17 лютага наведае Італію з афіцыйным візітам, па завяршэнні якога прыбудзе ў Ватыкан, дзе сустрэнецца з Бэнэдыктам XVI.

Па словах монсіньёра Кульбокаса, гэтая сустрэча дасць магчымасць выказаць, "у тым ліку з боку Святога Айца", агульныя пазіцыі Расіі і Апостальскай Сталіцы ў адносінах да абароны жыцця і маральных каштоўнасцяў на міжнароднай арэне.

У той жа час часовы павераны Апостальскай нунцыятуры ў Расійскай Федэрацыі лічыць, што сустрэчу не варта разглядаць у кантэксце праваслаўна-каталіцкіх адносін, паколькі гэта будзе дзяржаўны візіт Дзмітрыя Мядзведзева, першы пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Расіяй і Ватыканам. Хоць, працягнуў ён, адносіны паміж Расійскай Федэрацыяй і Апостальскай Сталіцай "улічваюць таксама і сяброўскія, братэрскія сувязі паміж дзвюма Цэрквамі".

Адказваючы на пытанне аб тым, калі стане вядома імя новага Апостальскага нунцыя ў Расійскай Федэрацыі, які зменіць на гэтай пасадзе арцыбіскупа Антоніо Менніні, прызначанага нунцыем у Вялікабрытаніі, монсіньёр Кульбокас сказаў, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час, гэта значыць "у бліжэйшыя дні або тыдні ".







All the contents on this site are copyrighted ©.