2011-02-13 13:26:56

Бэнэдыкт XVI: мы не павінны рабіць штосці іншае, а проста крочыць за Хрыстом


RealAudioMP3 Новы Закон, які ўвёў Езус, з'яўляецца законам любові, які вядзе нас да Неба, - нагадаў папа Бэнэдыкт XVI у сённяшнім разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”. Ён падкрэсліў важнасць Нагорнага казання, якое з'яўляецца праграмай жыцця Езуса.

Дарагія браты і сёстры!

У літургіі сённяшняй нядзелі мы зноў чытаем аб так званым "Нагорным казанні" Езуса, якое змешчана ў 5, 6 і 7 раздзелах Евангелля Мацвея. Пасля "Благаслаўленняў", якія з’яўляюцца праграмай Яго жыцця, Езус абвяшчае новы Закон, сваю Тору, як кажуць нашы браты яўрэі. У выніку, Месія, пасля свайго прыйсця, павінен быў прынесці канчатковае аб’яўленне закона і менавіта гэта абвяшчае Езус: "Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць". Звяртаючыся да сваіх вучняў, Ён дадае: "калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае" (Мц 5, 17.20). Але на чым палягае гэта "паўната" Закону Хрыста, гэта "вышэйшая" справядлівасць, якой Ён патрабуе?

Езус тлумачыць гэта з дапамогай серыі кантрастаў паміж старымі запаведзямі і сваім спосабам новых прапановаў. Кожны раз пачынае словамі: "Вы чулі, што было сказана продкам", пасля чаго кажа: "А Я кажу вам...". Напрыклад: "Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд" ( Мц 5, 21-22). І так шэсць разоў. Гэты спосаб звароту аказваў вялікае ўражанне на людзей, якія былі перапужаныя, таму што тое, "што Я вам кажу" было раўнасільна прызнанню сабе ўлады самаго Бога, крыніцы Закону. Тое новае, што прынёс Езус палягае на факце, што ён сам "напаўняе" запаведзі любоўю Бога, сілай Святога Духа, які жыве ў Ім. І мы, праз веру ў Хрыста, адкрываем сябе для Святога Духа, які дазваляе нам жыць Божай любоўю. Такім чынам, кожнае правіла становіцца сапраўдным як патрабаванне любові, і ўсе яднаюцца нанава ў адной запаведзі: любі Бога ўсім сэрцам і любі бліжняга свайго, як самога сябе.

"Любоў з'яўляецца дасканалым спаўненнем Закону", - піша св. Павел (Рым 13, 10). У абліччы гэтага патрабавання, напрыклад, выклікаючы жаль выпадак з чатырма цыганскімі дзецьмі, якія загінулі на мінулым тыдні на ўскраіне гэтага горада ў сваёй спаленай хаце, прымушае нас паставіць пытанне: ці грамадства больш салідарнае і брацкае, больш адзінае ў любові, гэта значыць больш хрысціянскае, магло не дапусціць да гэтага трагічнага факту. І гэтае пытанне датычыць многіх іншых сумных падзей, больш ці менш вядомых, якія адбываюцца кожны дзень у нашых гарадах і нашых вёсках.

Дарагія сябры,

гэта не выпадкова, што першая вялікая прамова Езуса называецца "Нагорным казаннем"! Майсей падняўся на гару Сінай, каб атрымаць Закон Божы і занесці яго абранаму народу. Езус – гэта Сын Божы, які сышоў з Неба, каб прывесці нас да Неба, на вышыні Бога, шляхам любові. Больш таго, Ён сам з'яўляецца гэтым шляхам: мы не павінны рабіць штосці іншае, а проста крочыць за Ім, каб увасобіць на практыцы волю Бога і ўвайсці ў Яго Валадарства, у вечнае жыццё. Адна істота ўжо дасягнула вяршыню гары: Панна Марыя. Дзякуючы адзінству з Езусам яесправядлівасць стала дасканалай, і менавіта таму мы называем яе Speculum iustitiae (Люстра справядлівасці). Даверымся ж ёй, каб кіравала нашыя крокі ў вернасці Закону Хрыста.

Пасля сваіх разважанняў, Папа прамовіў з вернікамі, якія сабраліся на Плошчы св. Пятра, малітву “Анёл панскі” і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне. Затым Бэнэдыкт XVI прывітаў сабраных на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, славацкай і польскай мовах. Ён узгадаў таксама арцыбіскупа Юзэфа Жыціньскага, які памёр у Рыме 10 лютага.







All the contents on this site are copyrighted ©.