2011-02-12 14:58:38

Бэнэдыкт XVI: з Хрыстом і братамі кожны святар можа знайсці неабходныя сілы, каб клапаціцца пра людзей


RealAudioMP3 На важнасць аўтэнтычнай прысутнасці святароў для развіцця хрысціянскага жыцця, звярнуў увагу ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Святарскага брацтва місіянераў св. Караля Барамэя папа Бэнэдыкт XVI прымаючы іх 12 лютага на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Святы Айцец нагадаў аб тым, што хрысціянскае святарства не з'яўляецца самамэтай, але было заснавана Хрыстом, каб служыць жыццю Касцёла. Ён адзначыў, што святарства – гэта вельмі прыгожае і ўнікальнае пакліканне ў Касцёле, якое падкрэслівае прысутнасць Хрыста, таму што бярэ ўдзел у вечным Яго святарстве. "Наяўнасць святарскіх пакліканняў – гэта дакладная прыкмета ісціны і жыццяздольнасці хрысціянскай супольнасці. Бог кліча ўсіх, у тым ліку да святарства. Не існуе рэальнага і прадуктыўнага росту ў Касцёле без аўтэнтычнай святарскай прысутнасці, якая яго падтрымлівае і сілкуе", - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць адукацыі да глыбокай медытацыі і малітвы, перажываных як дыялог з уваскрослым Панам прысутным ў сваім Касцёле. Звярнуў увагу на вывучэнне тэалогіі, якая робіць магчымай спатканне хрысціянскіх ісцін у форме сінтэзу, звязанага з жыццём асобы і супольнасці.

Пантыфік таксама нагадаў пра важнасць сумеснага жыцця святароў, іх узаемнай падтрымкі, досведу супольнага характару служэння Хрысту. "З Хрыстом і братамі кожны святар можа знайсці неабходныя сілы, каб клапаціцца пра людзей, каб рэагаваць на духоўныя і матэрыяльныя патрэбы, каб навучаць з дапамогай пастаянна новых словаў, прадыктаваных любоўю, вечным ісцінам веры, якіх прагнуць таксама нашы сучаснікі" - сказаў Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Святарскага брацтва місіянераў св. Караля Барамэя.







All the contents on this site are copyrighted ©.